Літоўская амбасада адновіць прыём дакументаў на візы з 1 жніўня

Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прэс-сакратар дыппрадстаўніцтва Крысціна Паканітэ: “Цяпер вядзецца расследаванне. У заяве Міністэрства замежных спраў Літвы гаворыцца пра тое, што была парушана Венская канвенцыя, і выдача віз прыпынена. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія запісаліся на 25 ліпеня, будуць абслугоўвацца 1 жніўня. Сёння тыя, хто павінен забраць пашпарт, – яны іх забяруць. Дакументы будуць прымацца толькі з 1 жніўня”.

Нагадаем, у ноч на 25 ліпеня ў Мінску быў здзейснены акт вандалізму супраць амбасады Літвы. У будынак прадстаўніцтва былі кінутыя бутэлькі з фарбай і ўлёткі нацыянал-бальшавіцкай партыі, а сімволікай НБП размаляваны плот.

Як гаворыцца ў заяве МЗС Літвы, амбасадар Эдмінас Багдонас выказаў пратэст афіцыйным асобам Міністэрства замежных спраў Беларусі з патрабаваннем высветліць сітуацыю, знайсці вінаватых і выконваць нормы Венскай канвенцыі 1961 года аб дыпламатычных адносінах, якія гарантуюць імунітэт літоўскай амбасады.

Паведамляецца, што грамадзянам Літвы консульская падтрымка будзе аказвацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі