Логвінава не пажадалі бачыць на Кніжнай выставе, СБП не запрасілі

11 лютага адкрываецца XXII мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Арганізатары абяцаюць 28 краін удзельніц. Цэнтральны стэнд выставы зойме Расія, ганаровы госць — Кітай.

Што пакажуць

“Вялікія стэнды ў нас з Ірана, ЗША, Францыі, Германіі, — абяцаюць у выканаўчай дырэкцыі выставы. — Прыватныя выдавецтвы таксама будуць, і вялікі нацыянальны стэнд”.

1 квадратны метр для выдаўцоў каштуе ад 100 еўра. Для нацыянальных і тэматычных стэндаў даюць зніжку ў 10%. Упершыню кнігі пакажуць у выставачным павільёне на Пераможцаў, 14, побач з Палацам Незалежнасці.

Каго не пакажуць на нацыянальнай выставе

Выдаўца Ігара Логвінава на выставе не будзе, яму паведамілі, што “ўдзел непажаданы”.

“Нам паведамілі, што не пусцяць туды ні ў якім разе, параілі нават не спрабаваць. Бо арганізатар — Міністэрства інфармацыі”, — распавядае Логвінаў.

За дзень да адкрыцця выставы суд пакінуў у сіле рашэнне пра спагнанне з экс-уладальніка кнігарні "Логвінаў" штрафу ў памеры 5,4 млн. рублёў, а таксама канфіскацыю даходаў яго прадпрыемства за 2014 год у памеры 961 млн. рублёў.

Раней суд прысудзіў кнігарні штраф за продаж кніг без ліцэнзіі Мінінфармацыі. А год таму міністэрства пазбавіла Логвінава ліцэнзіі на выдавецтва кніг у Беларусі.

Незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў на нацыянальную выставу не запрасілі. Не будзе і агульнага стэнду незалежных выдаўцоў, а таксама выдаўцоў, якія працуюць з  саюзам пісьменнікаў, распавядае старшыня саюза Барыс Пятровіч.

Барыс Пятровіч: “Нашых серый і нашых кніг там не будзе. Не запрашалі нас. Тых, хто дае нам зніжкі, хто нас выдае, таксама там не будзе. Ужо які год нас не запрашаюць”.

Якія незалежныя выдаўцы будуць на выставе

Свае выданні пакажа “Тэхналогія”. Гэта выдавецтва аплаціла павільён на 2 квадраты. Таксама будзе дадатковае бясплатнае месца, але не ў асноўнай зале.

“Прэзентацый мы не заяўлялі. А новыя кнігі “Тэатр Сержука Вітушкі”, “Прыказкі і прымаўкі Косаўшчыны”, зборнік “Гісторыя гандлю””, — інфармуюць у выдавецтве.

Будзе на выставе і выдавец Зміцер Колас з апошнімі перакладамі раманаў і дзіцячых кніжак. Адкрыццё кірмашу запланаванае на 12 гадзін 11 лютага.

Фота: belapan.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі