Лукашэнка абмежаваў выдачу грашовай дзяржпадтрымкі прадпрыемствам
10 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №10, які робіць больш жорсткім парадак аказання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, перадае БЕЛТА.
Гэты дакумент уносіць шэраг змен ва ўказ №106 ад 23 сакавіка 2016 года "Аб дзяржаўных праграмах і аказанні дзяржаўнай фінансавай падтрымкі". У прыватнасці, цяпер дзяржпадтрымка можа аказвацца ў выключных выпадках паводле рашэння кіраўніка дзяржавы толькі ў выглядзе выдачы бюджэтнай пазыкі для інвестыцыйных праектаў. Прычым самі гэтыя праекты мусяць папярэдне прайсці дзяржаўную комплексную экспертызу і атрымаць станоўчае заключэнне.
Ва ўказе вызначаецца кола асоб, якія могуць разлічваць на дзяржпадтрымку. Гэта юрыдычныя асобы — рэзідэнты Рэспублікі Беларусь (акрамя бюджэтных арганізацый, банкаў, Банка развіцця, страхавых і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, калі іншае не вызначана кіраўніком дзяржавы) і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Для атрымання дзяржпадтрымкі прадпрыемства мусіць дасягнуць такіх паказчыкаў дзейнасці, як рэнтабельнасць продажаў, прадукцыйнасць працы, зніжэнне ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Карэктаванне паказчыкаў у далейшым забараняецца. Калі азначаныя паказчыкі не будуць дасягнутыя, атрымальнік будзе абавязаны датэрмінова вярнуць бюджэтныя сродкі.
Пазычальнік таксама будзе абавязаны штогод падаваць звесткі пра дасягненне асноўных паказчыкаў, напрамкі выкарыстання пазыкі і выкананне абавязкаў па дамове.
Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 10.01: