Лукашэнка паадрубае рукі чэкістам, якія будуць займацца камерцыяй у КДБ

Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў Камітэт дзяржаўнай бяспекі і запатрабаваў правесці сёлета абнаўленне яго складу. Сёння кіраўнік дзяржавы прадставіў беларускім чэкістам іх новага кіраўніка генерал-маёра Юрыя Жадобіна. “На працягу гэтага года вы павінны вычысціць камітэт ад тых, хто ўжо павінен быць на пенсіі”, — сказаў Лукашэнка новаму кіраўніцтву КДБ.

Паводле словаў Лукашэнкі, дзяржбяспека працуе толькі ў адзінкавых выпадках, а ў астатніх супрацоўнікі “ходзяць і не ведаюць, чым ім заняцца”, “пераўтварыліся ў пастухоў”. Ён адзначыў слабы прафесіяналізм чэкістаў, што “прыводзіць да адкрытых правалаў”.

“Тое, што сёння ведаюць у КДБ, ведае ўся краіна... Гэтым тлумачыцца змена кіраўніцтва КДБ”, — адзначыў ён.

Таксама Лукашэнка пракаменціраваў нядаўнае збіццё старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця. Ён пацвердзіў, што галоўнага кантралёра збілі чэкісты.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не дапусціць, каб “вышэйшыя дзяржаўныя асобы хадзілі з аглядкай па вуліцах і баяліся прымаць рашэнні”. Таксама ён спыніўся на карупцыі ў КДБ.

Паводле Лукашэнкі, у камітэце карупцыя існуе толькі сярод “палкоўнікаў і генералаў”.
Кіраўнік дзяржавы выказаў спадзяванне, што Жадобін навядзе парадак у спецслужбе.

РИА «Новости»

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі