Лукашэнка падпісаў указ па арэндным жыллі
Кіраўнік дзяржавы дазволіў выдзяляць іншым грамадзянам арэнднае жыллё, прызначанае для дзяржслужачых.
Аляксандр Лукашэнка дазволіў выдзяляць іншым грамадзянам арэнднае жыллё, прызначанае для дзяржаўных служачых. 24 чэрвеня ён падпісаў указ № 258, які ўносіць змены ва ўказ № 535 ад 17 лістапада 2014 года, што ўстанаўлівае парадак давання арэнднага жылля дзяржслужачым і пералік пасадаў, якім такое жыллё належыць выдзяляць, паведамляе БелаПАН.
У новым указе гаворыцца, што пры адсутнасці неабходнасці забеспячэння арэндным жыллём дзяржаўных служачых прадугледжваецца магчымасць перадачы гэтага жылля іншым грамадзянам, якія займаюць пасады, уключаныя ў кадравыя рэестры кіраўніка дзяржавы, урада, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, раённых, гарадскіх выканкамаў. Пры гэтым умовамі давання ім такога жылля з'яўляюцца адсутнасць ва ўласнасці і (або) у валоданні і выкарыстанні жылых памяшканняў у населеным пункце па месцы працы або службы, а таксама індывідуальнае хадайніцтва дзяржорганаў і арганізацый, якія з'яўляюцца іх наймальнікамі.
Рашэнні аб даванні арэнднага жылля будуць прымацца Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам. Арэнднае жыллё будзе выдзяляцца часова да ўзнікнення неабходнасці яго выдзялення дзяржаўным служачым, але не звыш тэрміну працоўных ці службовых адносінаў з грамадзянамі.
Пералік пасадаў, пры займанні якіх магчымае атрыманне арэнднага жылля для дзяржслужачых, уключае 61 пазіцыю. На перыяд працоўных адносінаў па выдзяленне арэнднай кватэры можа звярнуцца ў тым ліку і прэзідэнт.
Кошт будаўніцтва 1 кв. м агульнай плошчы арэнднага жылля для чыноўнікаў не павінна перавышаць 8,5 млн рублёў, "калі іншае не ўстаноўлена прэзідэнтам". Кватэры паводле жадання арандатара могуць быць абсталяваныя бытавой тэхнікай і іншай маёмасцю, пры гэтым расходы на іх набыццё абмежаваныя 25% ад каштарыснага кошту будаўніцтва жылля.
Плошча зямельнага ўчастка, які выдзяляецца для будаўніцтва аднакватэрнага дома для здачы ў арэнду дзяржслужачым, не павінна перавышаць 1 тыс. кв. м, а агульная плошча дома — 150 кв. м. Для арэндных кватэр у шматкватэрных дамах дапушчальная плошча абмяжоўваецца 130 кв. м.
Фота: Fotolia