Лукашэнка зацвердзіў Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год
Сваім указам №505 Аляксандр Лукашэнка 18 снежня зацвердзіў Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2016 год, паведамляе БЕЛТА.
Прыярытэтнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі называецца зніжэнне інфляцыі да 12%. Прырост сярэдняй шырокай грашовай масы складзе 16-20%.
У 2016 годзе будзе праводзіцца гнуткая курсавая палітыка, якая прадугледжвае забеспячэнне дынамікі абменнага курсу на аснове попыту і прапановы на валютным рынку.
Плануецца нарасціць золатавалютныя рэзервы на 300 мільёнаў долараў. Стаўку рэфінансавання да канца 2016-га плануецца знізіць да 21-24% гадавых.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы ўказам №504 вызначыў задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступны год. У параўнанні з 2015 годам валавы ўнутраны прадукт павінен скласці не менш за 100,3%, прадукцыйнасць працы — не менш за 101,5%, экспарт тавараў і паслуг — не менш як 103,5%, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва — не менш як 100,5%.
Фота: БЕЛТА