Лукашэнка загадаў адрэагаваць на амерыканскія танкі ў Літве
Міністр абароны і дзяржсакратар Савета бяспекі павінныя бліжэйшым часам рапрацаваць план мерапрыемстваў па рэагаванні на тое, што ў Літве каля мяжы з Беларуссю размясціліся бранятанкавая тэхніка і вайсковы кантынгент ЗША. Адпаведнае даручэнне даў ім кіраўнік Беларусі, перадае БЕЛТА са словаў дзяржсакратара Савета бяспекі Станіслава Зася.
Зась падкрэсліў, што ў Літву прыбываюць падраздзяленні амерыканскай бранятанкавай дывізіі. Месцам іх дыслакацыі абраны палігон Пабрадэ — за 15 км ад мяжы з Беларуссю. Па словах Зася, гэта адзін з самых буйных ваенных палігонаў на тэрыторыі Літвы. Першымі туды прыбылі танкавыя падраздзяленні.
Дзяржсакратар заявіў, што ў такіх сітуацыях кожная краіна распрацоўвае меры ў адказ. "Такія прапановы будуць адпрацаваныя і даложаныя прэзідэнту на пачатку наступнага тыдня", — дадаў ён.
Таксама Зась агучыў заклапочанасць будучымі вайсковымі вучэннямі NATO. Чакаецца, што ў манеўрах на тэрыторыі 10 еўрапейскіх краін (у тым ліку Польшчы, Літвы і Латвіі) возьмуць удзел вайскоўцы 18 дзяржаў. Раней незадавальненне вучэнянмі Defender Europe выказваў і Аляксандр Лукашэнка.
"Рэакцыя прэзідэнта Беларусі на гэтыя вучэнні не нейкая асаблівая. Яна роўная і адэкватная тым падзеям, якія вызначаюцца ў наступным годзе. Гэта адны з самых буйных вучэнняў за апошнія 25 гадоў. У іх возьмуць удзел каля 40 тысяч вайскоўцаў з 18 краін — чальцоў NATO. І прытым каля паловы гэтых ваеннаслужачых — з ЗША", — пракаментаваў Зась.
Ён распавёў, што на вучэннях будуць адпрацоўваць пытанні перакідання войскаў з тэрыторыі ЗША на еўрапейскі кантынент. Усё гэта адбываецца на фоне таго, што ў свеце нарастае супрацьстаянне. "На жаль, адбываецца практыка вяртання да палітыкі мілітарызацыі, гонкі ўзбраенняў. Вайсковыя выдаткі ва ўсіх нашых суседзяў у апошнія гады растуць. Мала таго, што яны больш, чым у Беларусі і ў грашовых адзінках, і ў працэнтах ад ВУП, але яны растуць. Гэта значыць, у наяўнасці мілітарызацыя гэтага рэгіёну. Вось у такой сітуацыі плануецца праводзіць вучэнні", — падкрэсліў дзяржсакратар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.