Мацкевіч: У Беларусі шмат хто навучыўся складаць справаздачы для донараў
А палітычныя партыі навучыліся існаваць за 5 тысяч долараў у месяц. Еўрарадыё паспрабавала разабрацца, на што выжывае апазіцыя.
“Ёсць праца з Беларуссю, ёсць дапамога грамадзянскай супольнасці. Але не вызначаныя прыярытэты. Невядома, што галоўнае на сённяшні дзень. Давайце правядзём дэбаты. Для мяне вось бясспрэчна, што незалежная прэса трапляе ў гэтыя прыярытэты”, — гаворыць нязменны лідар АГП Анатоль Лябедзька.
Упершыню за доўгі час існавання апазіцыі нехта адкрыта і на высокім узроўні заявіў, што заходнія грошы ідуць не туды. Акрамя незалежных СМІ, Анатоль Лябедзька прапаноўвае больш сродкаў аддаваць праваабаронцам. Маўляў, менавіта гэтыя сферы найбольш важныя. А вось палітыкі самі знаходзяць сродкі для барацьбы, не беручы ад Захаду ні еўрацэнта.
Кіраўнік каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці Уладзімір Мацкевіч згодны з Лябедзькам у тым, што шмат сродкаў марнуецца і распыляецца сярод арганізацый-пасярэднікаў. Аднак мяркуе, што рэалізаваць задуманае старшынёй АГП будзе вельмі складана.
“Непакоюся, што нават калі такая прапанова будзе высунута, то ў яе будзе шмат апанентаў і тых, хто будзе перашкаджаць правесці такі аўдыт”.
Сярод ворагаў празрыстасці размеркавання грошай Мацкевіч называе прадстаўнікоў заходніх фондаў і саміх беларусаў, якія шмат гадоў “займаюцца фіктыўна-дэманстратыўнай дзейнасцю і паказваюць донарам тое, што тыя жадаюць бачыць”.
Супрацоўнік “Вясны” праваабаронца Уладзімір Лабковіч скардзіцца на недахоп грошай не стаў. Сказаў, што спраўляецца са сваёй справай у няпростых варунках.
“У сённяшніх умовах пры тых магчымасцях, якія маюць праваабаронцы, — мне не сорамна ні за маю арганізацыю, ні за калег. Мы ў небяспечных умовах робім сваю працу аддана і на належным, спадзяюся, узроўні”.
Не скардзіцца на адсутнасць сродкаў і ініцыятар пераменаў Анатоль Лябедзька. Ён паведаміў Еўрарадыё, што з Захаду яго партыя не атрымлівае ні капейкі, а існуе выключна дзякуючы фінансавай дапамозе прыхільнікаў і складкам сяброў АГП. Прыкладна на 5 тысяч долараў у месяц. І сапраўды, дзе тыя мільёны долараў на барацьбу з рэжымам?