Малочнікі на Гомельшчыне прыпісвалі кожны дзясяты літр малака

Прыпіскі ў мясцовых гаспадарках па малаку за 2013 склалі да 10% ад агульнага аб'ёму гадавой вытворчасці. Такія факты выявіў падчас праверак Камітэт дзяржкантролю Гомельшчыны, перадае БелаПАН.



Напрыклад, у КСУП "Ельск" Ельскага раёна 217 неіснуючых цялятаў толькі за адзін чэрвень 2013 года "выпілі" больш за 30 тон цэльнага малака. Агулам за 2013 год у КСУП "Ельск" прыпіскі валавой вытворчасці малака склалі больш за 400 тон. За неіснуючы аб'ём надоенага малака работнікам сельгасарганізацыі быў налічаны заробак у 62 мільёны рублёў.



У КСУП "Беразнянскі" Калінкавіцкага раёна прыпіскі аб'ёмаў валавога надою малака за 2013 год склалі 328 тон, у ААТ "Маісееўка" Акцябрскага раёна — 62 тоны.



Матэрыялы праверак перададзеныя ў праваахоўныя органы, каб там далі прававую ацэнку дзеянням службовых асоб гэтых сельгасарганізацый.



Фота — ugrapro.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі