Манаеў: Улада выйграла ў апазіцыі барацьбу за моладзь

Гэта ўжо трэцяя кніга сацыёлага, заснавальніка НІСЭПД (Незалежны інстытут сацыяльна-палітычных і эканамічных даследаванняў) прафесара Алега Манаева. Гэтым разам сацыялагічныя даследаванні ахопліваюць перыяд з 2006 па 2010 год.


“Я, шчыра кажучы, доўга думаў у мінулым годзе, ці варта друкаваць трэцюю кнігу. Бо калі асноўныя праблемы грамадзянскай супольнасці ў Беларусі застаюцца аднымі і тымі ж, то такія кнігі пераўтвараюцца ў хроніку бягучых падзеяў. А хроніка бягучых падзеяў, безумоўна, нашмат больш грунтоўна выкладзена ў незалежнай прэсе. Ці варта аналізаваць адно і тое ж? Але ўрэшце вырашыў, што варта, бо нават у Беларусі жыццё не стаіць на месцы”, — такімі словамі распачаў прэзентацыю прафесар Манаеў.


Паводле словаў Манаева, суадносіны прыхільнікаў і праціўнікаў дзейнага прэзідэнта на працягу гэтых гадоў застаюцца тымі самымі.


Манаеў: “Але калі да 2001 года ён абапіраўся на электаральныя нізы — бедных і слабых, то пасля 2001 года пачаў абапірацца на так званую новую буржуазію — беларускую наменклатуру, сілавікоў і буйны бізнэс”.


І барацьбу за моладзь пакуль выйграе ўлада, а не апазіцыя.


 “Менавіта ўлада зрабіла сур’ёзныя высновы з бурных падзеяў 90-х гадоў і стала актыўна ажыццяўляць палітыку, накіраваную на тое, каб наваколле адаптавала моладзь да сваіх каштоўнасцяў… Таму асноўную частку моладзі не варта разглядаць у бліжэйшай перспектыве як галоўны рухавік пераменаў у беларускім грамадстве”.


У новай кнізе не толькі аналізуецца развіццё грамадзянскай супольнасці за апошнія пяць гадоў, але і падводзяцца вынікі працы НІСЭПД за дваццаць год. “Яго лёс з’яўляецца люстраным адбіткам таго, што ў цэлым адбываецца з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі”, — адзначыў Манаеў.

Фота: www.svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі