Марш адзінства ў Парыжы сабраў больш за мільён удзельнікаў (фота, відэа)

Гэтая маштабная акцыя праводзіцца таксама дзеля ўшанавання памяці ахвяраў тэрактаў, якія здарыліся ў Францыі апошнімі днямі. У ёй бяруць удзел палітыкі, грамадскія актывісты і звычайныя грамадзяне. На марш адзінства выйшаў прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, таксама да акцыі далучыліся кіраўнікі некалькіх дзясяткаў краін свету.

У сераду, 7 студзеня браты Шэрыф і Саід Куашы ўварваліся ў рэдакцыю сатырычнага часопіса Charlie Hebdo у Парыжы. У выніку гэтага нападу былі забітыя 12 чалавек, у тым ліку 8 журналістаў і два паліцыянты — і яшчэ 11 атрымалі раненні.

У чацвер у раёне Манруж на поўдні Парыжа была забітая супрацоўніца паліцыі. Улады мяркуюць, што гэтае забойства здзейсніў Ахмед Кулібалі, які звязаны з братамі Куашы.

У пятніцу раніцай Ахмед Кулібалі захапіў закладнікаў у краме кашэрных прадуктаў у раёне Порт-дэ-Венсэн на ўсходзе французскай сталіцы.
 
У другой палове дня ў пятніцу браты Саід і Шэрыф Куашы загінулі ў перастрэлцы з паліцыяй, якая адбылася пасля шматгадзіннай асады друкарні ў горадзе Дамартэн-ан-Гаэль на поўначы ад Парыжа.

Адразу пасля гэтага антытэрарыстычныя сілы ўзялі штурмам кашэрную краму, вызваліўшы 15 закладнікаў. Ахмед Кулібалі быў забіты. Загінулі чатыры закладнікі. Згодна з заявамі французскіх уладаў, Кулібілі забіваў іх яшчэ да пачатку штурма.

Цяпер французскія спецслужбы занятыя пошукам магчымых паплечнікаў Кулібалі і братоў Куашы.

Фота: REUTERS, AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі