Марына Адамовіч: Абсурднасць сцвярджэнняў Ермаковай відавочная

Нагадаем, на прэс-канферэнцыі старшыня Нацбанка Беларусі Надзея Ермакова заявіла, што палітвязні не хочуць выходзіць на волю. Такім чынам спадарыня Ермакова пракаментавала пытанне пра адну з умоваў атрымання крэдыту ад МВФ вызваленне палітвязняў.

 

Еўрарадыё: Чаму Мікалай Статкевіч не хоча выходзіць з турмы?

Марына Адамовіч: Гэта было б смешна, калі б не было так сумна. Сумна, што вышэйшыя чыноўнікі ў нашай дзяржаве не толькі не маюць уласнай думкі, але нават не знаходзяць уласных словаў. Па сутнасці яны даслоўна паўтараюць словы працадаўцы, галоўнага начальніка наконт палітвязняў, што пахаваліся як мышы пад венікам, што схаваліся за нары і не хочуць выходзіць. Я думаю, што абсурднасць гэтых сцвярджэнняў настолькі відавочная, што нават не патрабуе абмеркавання. Але калі шчыра, я думаю, што тыя людзі, што сёння за кратамі, мабыць не захацелі б такога кшталту літасці. Маўляў, няхай яны напішуць прашэнне, а мы разгледзім. Безумоўна, ніхто прашэнне пісаць не будзе. Свой лёс гэтыя людзі прымуць такім, які ён ёсць, але кланяцца ніхто з іх не будзе.

Еўрарадыё: Якія звесткі да вас прыходзяць ад мужа?

Марына Адамовіч: Апошнія два з паловай месяцы ніякіх звестак, акрамя тых, што ўдаецца атрымаць высілкамі адваката, няма. Адзіная прыемная падзея была — гэта кароткатэрміновае спатканне бацькі з Міколам. На мінулым тыдні.

Еўрарадыё: Большасць палітзняволеных выпусцілі, а палітычных лідэраў, экс-кандыдатаў у прэзідэнты трымаюць. Беларускі бок спрабуе такім чынам як мага вышэй падняць стаўку атрымання крэдытаў ад МВФ?

Марына Адамовіч: Я думаю, што хутчэй за ўсё так яно і ёсць. Для людзей, якія не ведаюць іншых спосабаў вырашэння эканамічных праблемаў, чым больш мінае часу — там вышэйшыя стаўкі. Да таго ж пэўныя заявы еўрапейскіх чыноўнікаў былі трактаваныя абсалютна супрацьлегла іх рэальнаму сэнсу. Я маю на ўвазе вядомую заяву пана Туска, якая зусім не была прапановай да беларускага ўраду, а прапановай да беларускай дэмакратычнай супольнасці на той час, калі ў нас будзе дэмакратычная краіна. Але расцэненыя і пададзеныя яны былі адпаведна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі