Марыну Коктыш хацелі адправіць для праверкі ў Інстытут крыміналістыкі
Паездка ў Літву за аўтамабілем закончылася для журналісткі “Народнай волі” Марыны Коктыш бяссоннымі суткамі на памежным пераходзе "Каменны лог" і затрыманнем мы
Як паведаміла Еўрарадыё Марына Коктыш, на набытым у Вільні аўтамабілі яна прыехала на беларускі бок памежнага перахода "Каменны лог" каля 14 гадзінаў 12 сакавіка. Прычым, усе неабходныя дакументы на машыну, аформленыя ў Літве, у яе былі. І ў літоўскіх памежнікаў яны не выклікалі ніякіх сумненняў. Іх беларускія калегі аказаліся больш “пільнымі”.
Марына Коктыш: “Мне сказалі, што машыну неабходна загнаць у бокс, на яму, каб больш уважліва паглядзець на ўсе яе дэталькі. Але і там проста паглядзеўшы пад капот машыны, зазірнуўшы ў салон, мытніца сказала, што ёй не падабаюцца некаторыя лічбачкі нумара кузава”.
Марына дазванілася да намесніка дырэктара “Tayota-Центр” у Мінску. Які праверыў дадзеныя яе аўтамабіля па агульнай базе і паведаміў, што менавіта з гэтай машынай ніякіх “крымінальных” праблем не было. Пра што і спрабаваў даслаць факс на мытню, але тыя ў "Каменным логу" чамусьці не прымаліся.
Марына Коктыш: “Потым мы яшчэ некалькі разоў ездзілі ў гэты бокс, прыходзілі нейкія людзі, якія аглядалі гэтую машыну. Ніхто нічога не тлумачыў. Потым склалі акт мытнага дагляду майго транспартнага сродку. На якой падставе — мне не паведамілі”.
А потым, кажа журналістка, таксама без усялякіх тлумачэнняў заявілі, што будуць складаць пратакол затрымання набытага ёй аўтамабіля.
Марына Коктыш: “У пратаколе затрымання яны пазначылі, што затрымліваюць машыну на падставе пункта 4 артыкула 48 Мытнага кодэкса Беларусі. Згодна з гэтым артыкулам яны могуць затрымаць транспартны сродак на тры дні. Аднак у пратаколе затрымання напісана, што яны забіраюць мяне да 11 красавіка”.
На заўвагу, што, затрымліваючы аўто, мытнікі парушаюць закон, тыя, гаворыць Марына Коктыш, толькі развялі рукамі і сказалі, што працуюць “па шаблоне”.
Журналістка датэлефанавалася да кіраўніцтва Мытнага камітэта, распавяла пра сітуацыю, у якую патрапіла на мяжы, і папрасіла ўзяць сітуацыю пад кантроль.
Марына Коктыш: “Я не ведаю, ці лепш атрымалася, ці горш, але літаральна праз кожныя 20 хвілін гэтаму начальніку мытнай змены нехта тэлефанаваў, яны трымалі нейкую справаздачу”.
Разглядалася, кажа, нават пытанне, каб адправіць Марыну на набытай машыне ў Мінск у Інстытут крыміналістыкі і там праводзіць усе праверкі, але потым усё ж вырашылі даводзіць справу да канца на мяжы.
З-за разборак з журналісткай цэлую змену мытнікаў затрымалі на працы на некалькі гадзін звыш графіка. Але калі тыя, хоць і з затрымкай, але з’ехалі з памежнага пераходу дахаты, то Марыне давялося начаваць на мяжы. Прычым, на вуліцы.
Марына Коктыш: “Мне давялося правесці там ноч. Там няма ніякіх умоваў для гэтага, няма ніводнага крэсла ці фатэля. Мяне проста вывелі з будынка мытні і пакінулі на вуліцы”.
Машыну Марыны адвезлі ў Ашмяны для далейшай “праверкі”. І параілі тэлефанаваць намесніку кіраўніка па праваахоўчай працы Ашмянскай мытні і ў яго высвятляць лёс свайго “жалезнага каня”. Саму ж яе пасадзілі на папутную машыну і адправілі ў Мінск.
Нагадаем, у лютым Марыну Коктыш дапытвалі ў якасці сведкі па крымінальнай справе аб паклёпе на службовых асоб КДБ. У яе быў канфіскаваны працоўны камп'ютэр.
Фота — gazetaby.com