Маторная мужчынская энергія ад дзядзькі Лемі і Motörhead

Добры вечар! Мы — “Матархэд”, і мы граем рок-н-рол!” — хрыпіць Лемі са сцэны і лупіць па струнах гітары. Так пачынаецца канцэрт, якога чакалі ў Мінску 14 гадоў. Без аніякага пафасу, два чалавекі з гітарамі, сцяна з калонак і бубнач на высачэзным пастаменце. Ніякай візуалізацыі, ніякіх рухаў па сцэне, ніякіх віскаў і касцюмаў, ніякіх дэкарацый і ўвогуле нічога такога, што звычайна прапаноўваюць заезджыя мегазоркі з багатага Захаду.

Але ж гэта Motörhead, пляваць яны хацелі ўсе свае 39 гадоў існавання на тое, што ім непатрэбна. І метадычна працягвалі рубіць сваю рок-н-рольную праўду-матку.

“Ёсць некалькі гуртоў, якія нязменныя. Гэта AC/DC і Motorhead. Усе дзесяцігоддзі яны застаюцца на ўзроўні”, — кажа Еўрарадыё музыка з "Літвінтроль", гурта, якому пашчасціла сыграць на разагрэве сваіх куміраў. Не пашчасціла толькі пазнаёміцца: “Нам давялося толькі пабачыць шляпу Лемі, — кажуць “Тролі”.Нас папрасілі, каб мы не турбавалі музыкаў, бо яны вельмі стомленыя сусветным турам”.

Стома? Зусім не бачная на сцэне. Замест яе музыкі дэманструюць усё тое, чым славіцца сапраўдны рок-н-рол, такі, які прыдумалі паўстагоддзя таму: 

“Супрацьстаянне, барацьба, разбурэнне дзеля стварэння, маторная мужчынская энергія — усё гэта Лемі ўвасабляе ў поўнай меры за кошт гуку, тэмбру голасу, падачы, — кажа бубнач з “Серебряной Свадьбы” Арцём Залескі.Motörhead граюць простыя класічныя рок-н-рольныя і блюзавыя мелодыі, але на тым максімуме, які толькі можна ў іх укласці”.

Напэўна, мы хлусім пра адсутнасць элементаў шоў. Кожныя дзве песні Лемі спыняецца і размаўляе з публікай. Хоча, каб мы пакрычалі. Хоча, каб даведаліся назву наступнай песні. Хоча, каб раздзялілі радасць спаткання пасля 14 доўгіх гадоў. Фак е! І зноў працявае малаціць на гітары, і спяваць, і “Ace Of Spades”, і на біс.

А яшчэ нам дораць барабаннае сола Мікі Дзі (Mikkey Dee) недзе ў сярэдзіне і на некалькі хвілінаў:
“Гэта 16-ццатыя на бас-барабанах і 16-ццатыя і трыолі на нізкіх томах з акцэнтамі на талерках ,– расшыфроўвае віртуоза Мікі бубнач Арцём. — Гэта класічныя прыёмы, але яны вельмі дзейсныя, бо за кошт гэтага нізкачастотнага роката ствараецца такі эфект, што ва ўсіх калоцяцца ўнутранасці. І гэта прымушае натоўп крычаць ад задавальнення”.

Дарэчы, натоўп — гэта не толькі рок-н-рольныя пенсіянеры. Моладзі ў Палацы Спорту валам. 

“Я прыйшоў за энергетыкай! — кажа хлопчык Алесь. — Так, Лемі не малады, ён мала рухаецца па сцэне, але ж гэта не замінае яму ствараць неверагодную энэргетыку і дзяліцца ёю з залай. Проста такой энергетыкі зараз не знойдзеш у сучасных гуртах!”.

“Ды што ты разумееш у сучасных гуртах!” — спрачаецца сябра Іван, але пагаджаецца, што канцэрт Motörhead — адметная падзея. — Гэта як падарожжа ў мінулае, дзе такое яшчэ пачуеш!”.

Дзе-дзе... Ды дзе заўгодна да 2045 года.  Лемі ж абяцаў лабаць ажно да гэтага часу. А такія людзі не хлусяць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі