"Медуза": у Крамлі зноў абмяркоўваюць штурм Кіева

Крэмль / РИА Новости
Крэмль / РИА Новости

На фоне прасоўвання расійскіх войскаў на Данбасе ў Адміністрацыі расійскага прэзідэнта з'явілася надзея за некалькі месяцаў "давесці вайну ва Украіне да перамогі". Аб гэтым піша "Медуза" са спасылкай на свае крыніцы ў Крамлі.

Да канца траўня (гэта значыць, у бліжэйшыя 4 дні) Масква збіраецца аб'явіць аб поўным кантролі над Данецкай і Луганскай абласцямі. Не выключана, што гэта можа адбыцца, бо цяпер Украіна кантралюе ўсяго каля 5% тэрыторыі Луганскай і крыху больш за 40% Данецкай вобласці.

"Праграмай-максімум" у Крамлі лічаць узяцце Кіева, хоць расійскі наступ на сталіцу Украіны скончыўся правалам яшчэ ў сакавіку.

"Мы ўсё адно іх [украінцаў] дакалупаем. Хутчэй за ўсё, да восені ўжо ўсё скончыцца", — мяркуе адзін з суразмоўцаў "Медузы". Пры гэтым, заўважае выданне, раней Крэмль быў асцярожны ў ацэнках і прызнаваў, што не бачыць варыянтаў заканчэння баявых дзеянняў ва Украіне.

Як бачаць наступленне на Кіеў суразмоўцы "Медузы?" Не выключаюць, што на вайну могуць быць масава адпраўлены "тэрміноўшчыкі". "Пакуль ваююць у асноўным кантрактнікі. Іх хапае для адносна павольнага прасоўвання [па Украіне]. Але калі рухацца трэба будзе хутчэй, можна задзейнічаць тэрміновую службу. Гэта ўсё роўна армія", — разважае блізкая да АП крыніца выдання.

Суразмоўца дадае, што ўсеагульнай мабілізацыі ў Расіі чакаць не варта: у Крамлі асцерагаюцца ісці на такі крок, бо ён можа ўдарыць па рэйтынгу ўладаў і асабіста Пуціна.

Да таго ж, у Крамлі лічаць, што ў выпадку зацяжной вайны заходнія краіны ці наўрад працягнуць гэтак жа маштабна падтрымліваць Украіну фінансамі і ўзбраеннем. "Рана ці позна Еўропе надакучыць дапамагаць — гэта і грошы, і вытворчасць зброі, якая самім больш патрэбная. Бліжэй да восені трэба будзе дамаўляцца [з Расіяй] па газе і нафце да ацяпляльнага сезона", — перакананы суразмоўца "Медузы".

"Цяпер здаецца, што на фронце мала што адбываецца. Што расійскае войска бярэ нейкія другарадныя населеныя пункты. Што ў яго ёсць нейкія праблемы. Але гэтае адчуванне ствараецца таму, што ўкраінцы адразу не здаліся, як многія думалі. Так, бліцкрыгу не выйшла, бачныя нейкія пралікі. Але гэта не азначае, што перамогу атрымаць не выйдзе", — запэўнівае адзін з блізкіх да АП суразмоўцаў "Медузы". "Рэсурсаў у Расіі ад пачатку больш [чым ва Украіны без падтрымкі Захаду]", — дадае яшчэ адзін.

У начным звароце да ўкраінцаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паабяцаў, што Данбас зноў будзе ўкраінскім.

Сітуацыю ў рэгіёне ён назваў "вельмі-вельмі складанай". "Акупанты спрабуюць дасягнуць хаця б на 100 дзён вайны тых мэт, якія збіраліся рэалізаваць за першыя дні пасля 24 лютага", — сказаў прэзідэнт. Паводле яго слоў, у Данбасе сканцэнтравана максімум расійскай артылерыі і рэзерваў.

"Калі акупанты думаюць, што Ліман або Севераданецк будуць іх, то яны памыляюцца. Данбас будзе ўкраінскім", — заявіў прэзідэнт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі