МіГ прайшоў нізка над дамамі і падчас падзення зрэзаў 300 метраў дрэў (фота)

Самалёт, на борце якога было баявое ўзбраенне, разляцеўся на дробныя кавалкі. Відавочцы распавялі Еўрарадыё падрабязнасці трагедыі, а таксама пра тое, што цяпер адбываецца на месцы катастрофы. “Самалёт упаў у лесапаласе. Гэта ўжо лес, не дрыгва. І больш за 300 метраў цягнецца след падзення, — распавядае намеснік рэдактара газеты “Ганцавіцкі час” Пятро Гузаеўскі, які пабываў на месцы падзеяў. — Зрэзаныя верхавіны дрэў і самі дрэвы. Бачныя сляды пажару… Самалёт падчас падзення разваліўся на дробныя кавалачкі. Па ўсёй гэтай тэрыторыі няма вялікіх частак! Толькі дробныя кавалачкі дэталяў самалёта, абшыўкі, прыбораў…”

Журналіст шмат бачыў у сваім жыцці, але зона падзення МіГ-29 яго жахнула. Мяркуючы па памерах рэшткаў, выбух пры ўдары самалёта аб зямлю быў вельмі моцны. Гэта можа тлумачыцца тым, што на борце самалёта ў момант катастрофы было баявое ўзбраенне. Таму зона падзення цяпер ачэпленая вайскоўцамі ўнутранай службы.

Пятро Гузаеўскі: “Вайскоўцаў завезлі яшчэ ўчора ўночы. Машыны з імі ішлі праз вёску Хатынічы, якая тут недалёка, недзе каля 23-х гадзінаў 23 верасня. На месцы падзення самалёта працуе следчая брыгада. Людзей вельмі шмат. Там таксама працуюць сапёры, бо, паводле словаў следчых, самалёт быў з боезарадамі, якія могуць заставацца на месцы падзення”.

Месца, дзе разбіўся самалёт, знаходзіцца ў 3-5 кіламетрах ад вёскі Радзялавічы і прыкладна ў 6 кіламетрах ад вёскі Хатынічы. Тамтэйшыя распавялі Еўрарадыё пра тое, што перад падзеннем самалёт прайшоў нізка над дамамі:

“Гэта быў працоўны час, пачатак на 6-ю, — кажа яшчэ адна мясцовая жыхарка. — Яны ўпалі ў лесе. Там балота, лес. Ад вёскі парадкам, але дым нават мы бачылі”.

“Ён над дамамі ляцеў, там, дзе пяціпавярховікі стаяць. Вельмі невысока. Ледзь праляцеў за Радзялавічы і ўпаў…”

Лётчыкі сапраўды коштам сваіх жыццяў адвялі машыну ад дамоў. Але пакуль што следства не робіць ніякіх высноў ні наконт прычынаў падзення самалёта, ні наконт таго, чаму падпалкоўнік Сяргей Каваленка і маёр Аляксандр Жыгайла не катапультаваліся.





Дарэчы, іх МіГ-29 быў застрахаваны. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў начальнік прэс-службы Мінабароны Вячаслаў Раменчык:

“Самалёт быў застрахаваны. Дзе — гэта інфармацыя канфідэнцыйная, мы не маем права называць страхаўшчыка”.

Нагадаем, МіГ-29 быў прыпісаны да 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, якая дыслакуецца ў Баранавічах. Знішчальнік Су-27, што разбіўся падчас авіяшоў у Радаме год таму і быў прыпісаны да той жа авіябазы, быў застрахаваны Міністэрствам абароны ў кампаніі “Прамтрансінвест”.

























Фота: Пятро Гузаеўскі, "Ганцавіцкі час".
Фота лётчыкаў: kp.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі