Міхалевіч абяцае здзівіць выбаршчыкаў крэатывам сваёй кампаніі

Старт сваёй прэзідэнцкай кампаніі Алесь Міхалевіч даў у планетарыі, дзе журналісты спачатку праслухалі лекцыю пра зорнае неба, а потым даведаліся пра тое, якім чынам незалежны кандыдат плануе дамагчыся перамогі на выбарах. Як прызнаўся Алесь Міхалевіч, сказаць “Паехалі!” сваёй прэзідэнцкай кампаніі ён планаваў у самім мінскім планетарыі. Але там гасцям незалежнага кандыдата дазволілі толькі праслухаць лекцыю на паўгадзіны пра зорнае неба Беларусі. Дзякуючы гэтаму, журналіст Еўрарадыё, напрыклад, даведаўся, што з 2006 года Плутон больш не лічыцца планетай Сонечнай сістэмы. А потым усіх перанакіравалі ў кавярню “Жар-птушка”. І толькі там у палітыка з’явілася магчымасць расказаць пра тое, што будзе ўяўляць з сябе яго прэзідэнцкая кампанія.

Алесь Міхалевіч:
“Наша кампанія будзе рабіцца толькі беларусамі, абапіраючыся на беларусаў і для беларусаў. Касцяк нашай кампаніі складаюць высокаадукаваныя прадстаўнікі новай генерацыі беларускага грамадства. Людзі, чый прафесійны рост адбываўся ва ўмовах незалежнай Беларусі”.

Паводле слоў Міхалевіча, у сваёй перадвыбарнай кампаніі ён збіраецца абапірацца на гарадскую моладзь.

Алесь Міхалевіч: “Асноўнай сваёй базай мы бачым параўнальна маладое, добра адукаванае гарадское насельніцтва. Людзей, падобных да нас, якія маюць сілы, здольнасці і патэнцыял для лепшай рэалізацыі ў жыцці”.

Міхалевіч паабяцаў, што не будзе карыстацца “бруднымі” палітычнымі тэхналогіямі і ўдзельнічаць у “вайне кампраматаў”. Грошы паабяцаў выкарыстоўваць толькі айчыннага паходжання, а для правядзення агітацыйнай кампаніі — сфармаваць сетку валанцёраў па ўсёй Беларусі.
 
Што ж тычыцца магчымай супрацы з іншымі дэмакратычнымі партыямі і рухамі, то заўважыў, што гэта будзе залежаць не ад яго.

Алесь Міхалевіч: “Пра гэта трэба запытвацца ў іншых палітычных сілаў. Я ўпэўнены ў сваёй камандзе, у сваіх сілах, я ў кожным выпадку пайду да канца і буду рабіць усё магчымае, каб стаць прэзідэнтам”.

Поўную праграму кандыдата ў прэзідэнты Алесь Міхалевіч паабяцаў прадставіць на пачатку восені. Цяпер жа адмовіўся назваць хоць некалькі галоўных пунктаў з яе. Толькі прызнаўся, што эканамічную яе частку пісалі прафесійныя эканамісты, людзі з розных навуковых устаноў. Крыху расказаў і пра тое, хто будзе займацца стратэгічным планаваннем яго кампаніі.

Алесь Міхалевіч: “Ёсць група людзей, якія працуюць над лагатыпам, якія працуюць над колерамі. Увогуле над кампаніяй. Гэта вельмі сур’ёзныя прафесіяналы ў сваёй галіне. У асноўным, гэта людзі, якія працуюць у бізнесе”.

На думку Міхалевіча, адзінага кандыдата ад апазіцыі не будзе. І таму ён не бачыць ніякага сэнсу браць удзел у яго вылучэнні. Кажа, у яго хопіць крэатыву добра правесці ўласную кампанію. І паабяцаў зрабіць гэта цікава.

Алесь Міхалевіч: “Я не працую праз скандалы, але я буду працаваць вельмі нетрывіяльна, вельмі незвычайна для беларускіх палітыкаў”.

Паводле слоў будучага кандыдата ў прэзідэнты, ён не збіраецца прадстаўляць сябе чалавекам блізкім як да ўлады, так і да апазіцыі. У той жа час ён выказаў спадзяванне, што яго падтрымае чыноўніцтва сярэдняга ўзросту. Бо сярод іх шмат прафесіяналаў, якія хочуць зменаў у краіне.

Фота: аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі