Мінчанам пагражаюць канфіскацыяй кватэры за нелегальных кватарантаў

У мінскіх дамах пачалі з’яўляцца папярэджанні пра нелегальную здачу кватэр. Жыльцам нагадваюць, што згодна з папраўкамі ў Адміністрацыйны кодэкс, за здачу жылля ў абыход падатковай інспекцыі ім пагражае штраф да 3,5 мільёнаў рублёў або нават канфіскацыя кватэры.


Як раней паведамляла Еўрарадыё, усіх, хто здае кватэры або пакоі і не плаціць падаткі, з 23 лютага прыраўнялі да тых, хто незаконна займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Як і тыя бабулі, што прадаюць гародніну альбо семачкі ў пераходах, альбо аўтаўладальнікі, што “таксуюць”, не маючы дзяржаўнай рэгістрацыі ці ліцэнзіі.

А пакараннем за такі нелегальны бізнес можа стаць штраф у памеры да 3,5 мільёнаў рублёў з канфіскацыяй “рэчаў, прадметаў і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння”. Для “таксоўшчыкаў” гэта азначае канфіскацыю машыны, для бабулек — семачак, для ўладальнікаў здадзеных кватэр — канфіскацыю жыллёвай плошчы.

Праўда, да апошняга пакуль яшчэ справа не даходзіла, кажа намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Партызанскім раёне Мінска Аляксандр Ранейскі.

Аляксандр Ранейскі: “Па кватэрах у мяне няма ў памяці, каб канфіскавалі. А вось па машынах, па прыватным перавозе, калі раней такая норма была ў Кодэксе, то такія выпадкі былі. Зразумела, што такі прысуд суды выносілі не з першага разу: усе разумеюць, што канфіскацыя — гэта ўжо такая сур’ёзная мера. Тым больш, па кватэрах. Тэарэтычна, такая норма ёсць. І калі сістэматычна будзе парушаць, то фактычна суд можа яе прымяніць. Іншае пытанне — прыменіць альбо не?”

Каб суддзя пайшоў на такую крайнюю меру, кажа Аляксандр Ранейскі, у суд павінны быць прадстаўленыя сур’ёзныя доказы таго, што чалавек пастаянна здае кватэру, атрымлівае з гэтага прыбытак, нідзе не зарэгістраваны і не плаціць падаткі.

Але ж усіх гэтых штрафаў і тым больш канфіскацыі жылля вельмі лёгка пазбегнуць.

Аляксандр Ранейскі: “Ён павінен стаць на ўлік і плаціць фіксаваную суму. За пакой — адна базавая. І плюс каэфіцыент у залежнасці ад таго, дзе знаходзіцца гэта кватэра”.

На тое, што падаткавікі не даведаюцца пра незаконную дзейнасць такога кшталту, спадзявацца не трэба, кажа намеснік начальніка падатковай інспекцыі. Крыніц інфармацыі ў іх дастаткова.

Аляксандр Ранейскі: “Розныя крыніцы: ёсць жа ЖЭСы, тыя ж суседзі, якія могуць праінфармаваць. Не ўсім жа падабаецца, калі заселіцца чалавек незразумелы і турбуе суседзяў”.

Можа і сам наймальнік, маючы пазыкі па квартплаце, “здаць” гаспадара кватэры падаткавікам, каб зэканоміць грошы. А ёсць яшчэ і міліцыянеры, якія таксама збіраюць інфармацыю на такіх прадпрымальнікаў. Пра гэта Еўрарадыё расказаў прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі.

Аляксандр Ластоўскі: “Прадпрымальніцкая дзейнасць тычыцца шмат якіх сфер гандлю і разлікаў. І праца вялася па ўсіх гэтых сферах. Я ўпэўнены, што па такіх кватэрах праца таксама вялася, і яна будзе весціся. Іншая справа, што яна будзе актывізавана”.

Еўрарадыё пра канфіскацыю кватэр:

За нелегальных кватарантаў суды змогуць канфіскоўваць жыллё

Каму дастаюцца кватэры выселеных неплацельшчыкаў?


Камунальнікі разыграюць сярод даўжнікоў квіткі на канцэрт і мікрахвалёўку

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі