Мінскае “Дынама” выйшла ў 2-гі раўнд кваліфікацыі Лігі Еўропы (відэа)
Мінскае “Дынама” выйшла ў 2-гі раўнд кваліфікацыі футбольнай Лігі Еўропы. Пасля хатняй перамогі над “Рунавікам” (2:1), дынамаўцы выйгралі і на Фарэрскіх астравах — 2:0. Пры гэтым гулялі ў меншасці — на 6-й хвіліне за штуршок саперніка быў выдалены Арцём Быкаў. Першы гол на 31-й хвіліне забіў Антон Сарока. Гаспадары поля адчайна спрабавалі адыграцца, але выдатна гуляў брамнік “Дынама” Андрэй Клімовіч. Вадзім Дземідовіч выйшаў на замену на 92-й хвіліне і паспеў зарабіць пенальці. Яго рэалізаваў Сарока!
У 2-м раўндзе кваліфікацыі мінчукі згуляюць з македонскай камандай “Работнічкі”, якая ў першым раўндзе двойчы выйграла ў “Трэ Пенэ” з Сан-Марына — 1:0 і 6:0.
Як паведамляла Еўрарадыё, салігорскі “Шахцёр” не змог выйсці ў 2-гі раўнд Лігі Еўропы. У Марыямпалі гарнякі прайгралі мясцовай “Судуве” — 1:2. У Салігорску была нічыя 0:0.
Яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі ў Лізе Еўропы брэсцкае “Дынама” стартуе з 2-га раўнда, дзе 13 і 20 ліпеня сустрэнецца з аўстрыйскім "Рэйндофам".