Мінскіх студэнтаў прымусова зганяюць на здымкі фільма “Авель”?
“5 чалавек ад групы”, — паведаміў студэнт з Эканамічнага ўніверсітэта.
Хлопец, які пажадаў захаваць ананімнасць, кажа, што распараджэнне, нібыта, ідзе ад рэктара БДЭУ.
Здымкі эпізодаў мастацкага фільма "Авель" пра падзеі Плошчы снежня 2010-га будуць адбывацца ўвечары 1 і 2 лютага ў цэнтры Мінска. Месцамі збору адабраных студэнтаў прызначаныя наступныя месцы: на Кастрычніцкай плошчы каля музея Вялікай Айчыннай вайны і на плошчы Незалежнасці каля галоўнага корпуса БДУ.
Дарэчы, некаторым студэнтам ужо распавялі, што ім давядзецца махаць бел-чырвона-белымі сцяжкамі і крычаць "Жыве Беларусь".
У адміністрацыі згаданага ВНУ Еўрарадыё сказалі, што нічога пра гэта не ведаюць.
Нагадаем, фільм “Авель” будзе мець сцэны пра Плошчу 2010 года і мусіць стаць афіцыйным адказам польскаму фільму “Жыве Беларусь”. На азначаныя дні сапраўды запланаваныя здымкі масоўкі колькасцю 4000 чалавек. Арганізатары не хавалі, што для стварэння масоўкі будуць выкарыстаныя адміністрацыйныя метады.
Фота — bymedia.net