Мінскжылкамгас: А навошта ўцяпляць дом, калі не будзе вільгаці?

Дом па вул. Гамарніка 9, корпус 2 у Мінску. Наталля жыве ў гэтым доме мінімум 30 гадоў. Кажа, што дом у іх праблемны. У падвале цякуць трубы, стаіць вада. Пару гадоў таму сантэхнікі хадзілі да Наталлі ў кватэру як на працу цягам двух месяцаў: у жыроўцы вада была гарачай, у кватэры тэмпература гарачай вады не перавышала 28 градусаў!

"Дом 1971 года пабудовы. Здаецца, у 1986 годзе быў нейкі рамонт, я яшчэ хадзіла ў школу. Але з тых часоў мінула 29 гадоў. За капрамонт я плачу каля 27 тысяч рублёў за двушку. Дык куды ідуць нашы грошы?" — пытаецца Наталля.

У доме 56 кватэраў. Калі за аснову ўзяць лічбу ў 27 000 рублёў, то за год гэты аднапад’ездны дом плаціць 17,6 млн рублёў. Толькі на капітальны рамонт. За дзесяць гадоў набегла 176 мільёнаў, няўжо гэтых грошай не хопіць на тое, каб замяніць трубы?

ЖЭС №8 Савецкага раёна, да якога належыць дом, кажуць, што ёсць дамы і старэйшыя. І там таксама ўсё сумна. А куды ідуць грошы, у ЖЭСе не ведаюць:

"Я таксама такі ж жыхар як і вы, і таксама плачу грошы. І, на жаль, не ведаю, куды яны ідуць".

Тэлефануем у ЖРЭА, там спецыяльны аддзел па капітальным рамонце.

"Ваш дом у планах на капітальны рамонт не значыцца. У найбліжэйшыя два гады!" — і рэкамендуюць патэлефанаваць у Мінскжылкамгас. Там дакладна ведаюць, калі будзе капітальны рамонт дома.

Намеснік начальніка аддзела капітальных рамонтаў Мінскжылкамгаса Кацярына Каляда тлумачыць, што адлічэнні на капітальны рамонт ідуць на капітальны рамонт, "а куды ж яшчэ", і заўважае, што грошай пастаянна не хапае. 

Работы, якія выконваюцца пры капітальным рамонце

"На 2015 год вашага дома няма. У нас праграма па капітальным рамонце адстае на пяць гадоў. Гэта значыць, вы не пераскочыць дамы, якія стаяць у чарзе на капітальны рамонт на 2011-2012 гады. Можа, быў нейкі выбарачны капрамонт?" — смяецца Кацярына Міхайлаўна.

Еўрарадыё: Добра, а чаму тады скарачаюць колькасць работ, якія выконваюцца пры капітальным рамонце? Яшчэ некалькі гадоў таму жыхарам мянялі вокны на шклопакеты. Цяпер работы па капітальным рамонце зводзяцца да замены труб і ўцяплення асобных фасадаў будынка — тых кватэр, якія вільгатнеюць.

Мінскжылкамгас: А навошта ўцяпляць дом, калі не будзе вільгаці? Вы ўявіце, мы прыйдзем і будзем прасіць 20 мільярдаў там, дзе гэта не трэба. Таму што вам гэтага хочацца? Выдатна! Я таксама шмат чаго хачу.

Еўрарадыё: Ці можна адмовіцца ад плацяжоў на капітальны рамонт?

Мінскжылкамгас: А як вы адмовіцеся? Ну як мы можам адмовіцца ад нейкіх плацяжоў? А тыя грошы, якія вы плаціце, — што можна за іх адрамантаваць? Не на нашым узроўні абмяркоўваюцца гэтыя пытанні. Ад нашых плацяжоў плаціцца 25% капрамонту, усё астатняе пакрывае бюджэт. Напішыце ліст мэру, прэзідэнту, хай скасуе вам у індывідуальным парадку адлічэнні на капрамонт!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі