Мітрапаліт Веніямін прапанаваў увесці дрэс-код для студэнтаў
Мітрапаліт Веніямін у БІСД
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін прапануе ўвесці дрэс-код для студэнтаў. Такая заява прагучала на сустрэчы з калектывам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД), перадае БЕЛТА.
Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мяркуе, што знешні выгляд чалавека ўплывае на яго лад мыслення і паводзіны. Пасля гэтага ён раскрытыкаваў моладзь, але дасталося чамусьці толькі дзяўчатам.
"Раней акуратнасць у вопратцы дзяўчыны казала пра тое, што яна будзе добрай гаспадыняй, уважлівай, сціплай, цнатлівай, вернай спадарожніцай свайму мужу. Цяпер, калі дзяўчына ходзіць у драных штанах, нядбайна апранутай, нават калі яна мае тыя ж ўстаноўкі маральныя, адзенне кажа пра іншае", — заявіў мітрапаліт.
Таксама кіраўнік БПЦ згадаў вяртанне да школьнай формы. На яго думку, павінныя быць нейкія ўнармаванні і для студэнтаў: "Павінен быць нейкі дрэс-код для студэнцтва. Ён падцягвае, фармуе будучага спецыяліста. Гэтыя фактары ўплываюць на чалавека, на яго лад мыслення, паводзіны, неяк абавязваюць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.