Мясніковіч: У кіраўнікоў на вёсцы пануе песімізм ці нават асуджанасць
11 лютага адбылося паседжанне прэзідыума Савета міністраў Беларусі.
Гаворка ішла пра сітуацыю ў аграрна-прамысловым комплексе. Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч заявіў, што неабходна сканцэнтраваць высілкі на развіцці малочнай вытворчасці.
"Гэтую галіну трэба захоўваць, развіваць і ўсяляк падтрымліваць, бо гэта тое, што дае нам грошы", — цытуе словы прэм'ера БЕЛТА. Нягледзячы на тое, што малочная прамысловая вытворчасць з'яўляецца рэнтабельнай, Беларусь выкарыстоўвае не ўвесь наяўны патэнцыял, лічыць Мясніковіч.
На паседжанні абмяркоўвалася тое, якім чынам заняць на рынку "свабодныя нішы". Гаворка ішла пра адказнасць кадраў сельскагаспадарчай галіны за невыкананне пастаўленых задачаў. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што "вынікі кепскія ва ўсіх". Але найбольш яго турбуе тое, што ў кіраўнікоў на вёсцы "нейкі песімізм ці нават асуджанасць". І настроі такія назіраюцца нават у перспектыўных гаспадарках. "Гэтага быць не павінна", — сказаў прэм'ер-міністр.
Таксама на нарадзе было заяўлена, што ў сельскай гаспадарцы не хапае кваліфікаваных кадраў, якія здольныя працаваць у новых умовах.
Фота — bymedia.net