МЗС: Беларусь паважае выбар украінскага народа
Міністэрства замежных спраў нашай краіны выступіла з заявай у сувязі з правядзеннем ва Украіне прэзідэнцкіх выбараў.
У ёй адзначаецца, што "выбарчая кампанія праходзіла ў беспрэцэдэнтна жорсткай і напружанай абстаноўцы. На жаль, частка грамадзян не была ўключана ў выбарчы працэс". Разам з тым украінскае грамадства "прадэманстравала высокі ўзровень грамадзянскай свядомасці і імкненне пачаць рух да забеспячэння нацыянальнай згоды, унутранай стабільнасці і ўстойлівага эканамічнага і палітычнага развіцця", — адзначаецца ў заяве МЗС Беларусі.
У знешнепалітычным ведамстве спадзяюцца, што гэтыя выбары стануць значным крокам на шляху да аднаўлення ўзаемаразумення, нармалізацыі сітуацыі ў краіне, пабудовы ва Украіне паўнавартаснай вертыкалі ўлады.
"Беларусь паважае выбар украінскага народа і гатова да далейшага канструктыўнага супрацоўніцтва са сваім суседам", — гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Нагадаем, на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне ў першым туры перамагае бізнесмен Пятро Парашэнка.
Фота — Reuters