На борце лайнера, які разбіўся над Егіптам, былі толькі расіяне
На борце самалёта А-321, які сёння раніцай пацярпеў крушэнне над Егіптам, знаходзіліся толькі расійскія грамадзяне. Пра гэта паведамляе Еўраньюс са спасылкай на прадстаўнікоў амбасады Расіі ў Егіпце. У сеціве таксама з’явіліся спісы людзей, якія знаходзіліся на борце лайнера.
МЗС Беларусі раней паведамляў, што высвятляе, ці не было беларускіх грамадзян на борце лайнера.
Пасажырскі самалёт кампаніі “Кагалымавія” вылецеў сёння раніцай з Шарм-эш-Шэйха ў Санкт-Пецярбург і праз 23 хвіліны пасля ўзлёту знік з радараў. Паводле дадзеных замежных СМІ, калі лайнер знаходзіўся на вышыні болей за 9000 метраў, камандзір карабля звязаўся з дыспетчарамі і папрасіў экстранай пасадкі ў сувязі з тэхнічнымі непаладкамі.
Абломкі самалёта і каля сотні загінулых егіпецкія выратавальнікі знайшлі на месцы крушэння, у гарах на Сінайскай паўвыспе. Паведамленняў пра тых, хто застаўся жывым, няма. Усяго на борце лайнера было 224 чалавекі.
У Расіі тым часам абвешчаная жалоба па загінулых у авіякатастрофе ў Егіпце.
Фота: REUTERS