На чэмпіянаце свету па хакеі вызначыліся першыя паўфіналісты

На чэмпіянаце свету па хакеі вызначыліся першыя паўфіналісты

Першымі паўфіналістамі чэмпіянату свету па хакеі сталі зборныя Фінляндыі ды Злучаных Штатаў. Нагадаем, што спаборніцтвы праходзяць у Расіі — адначасова ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Фіны на лёдзе санкт-пецярбургскага спарткомплексу "Юбілейны" сустракаліся з камандай Даніі. Каманда Фінляндыі атрымала ўпэўненую перамогу з лікам 5:1. Прычым Мікаэль Гранлунд забіў дзве шайбы — першую на 15-й хвіліне, а другую на 60-й.

У маскоўскім Лядовым палацы за выхад у паўфінал змагаліся каманды Чэхіі ды ЗША. І хаця чэхі адкрылі лік яшчэ ў першым перыядзе, амерыканцам удалося зраўняць яго ў другім. І да канца гульні ніводная з камандаў так і не вызначылася забітымі шайбамі — 1:1. Не дапамог вызначыць мацнейшага і авертайм. Толькі па булітах амерыканцы здолелі перамагчы чэшскую каманду — 2:1.

Сёння адбудуцца яшчэ дзве чвэрцьвінальныя сустрэчы. У Маскве сустракаюцца зборныя Расіі ды Нямеччыны, а ў Санкт-Пецярбургу — каманды Канады і Швецыі.

Паўфінальныя гульні сусветнага першынства пройдуць у Маскве 21 траўня. Зборная ЗША будзе сустракацца з пераможцам пары Канада — Швецыя, каманда Фінляндыі — з трыўмфатарам матчу Расія — Нямеччына.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі