На Крапівенскім полі пад Оршай затрыманыя яшчэ каля 20 чалавек

Раніцай 9 верасня на Крапівенскім полі пад Оршай былі затрыманыя міліцыянтамі каля 20 чалавек. Пасля ўчорашняй “зачысткі” моладзь усё ж адзначыла Дзень беларускай вайсковай славы. А 6-й раніцы да іх намётаў пад’ехалі міліцэйскія машыны. Усіх затрыманых прывезлі ў міліцэйскі пастарунак у Оршы.

Сярод іх – Іван і Ілля Шылы, мастак Алесь Пушкін, бард Андрэй Мельнікаў, Алена Макарэвіч, Зміцер Хведарук, паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя”.

Нагадаем, учора ўзмоцненыя сілы міліцыі затрымалі ў раёне Крапівенскага поля, дзе планавалася правядзенне традыцыйнага фэсту бардаўскай песні, дзесяткі чалавек. Многіх з іх пасля адпусцілі.

Да панядзелка за кратамі застанецца актывіст БХД Дзяніс Садоўскі, якога абвінавачваюць у хуліганстве. Міліцыя затрымала і машыну з дровамі для вогнішчаў на Крапівенскім полі. Яна дагэтуль арыштаваная і знаходзіцца ў Дуброўне.

Вось як пракаментаваў “Еўрарадыё” гэтыя падзеі аршанскі актывіст Віктар Андрэеў:

“15 гадоў не было такіх выпадкаў, каб свята было сарванае міліцыяй. Прысутнасць высокіх чыноўнікаў, у тым ліку начальніка міліцыі Віцебскай вобласці, гаворыць пра тое, што рашэнне было прынятае на абласным узроўні, а можа і вышэй”.