На прэзентацыі законапраекта пра БЧБ-сцяг адбылася правакацыя
У мінскім гатэлі "Вікторыя" ўвечары 14 траўня адбылася прэзентацыя законапраекта пра выкарыстанне і абарону бел-чырвона-белага сцяга. Сярод іншых удзел у мерапрыемстве прынялі дзве дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў — Ганна Канапацкая і Алена Анісім. Таксама ў зале былі кіраўнікі партыяў, грамадскіх аб'яднанняў і ініцыятываў, палітыкі і грамадскія актывісты.
Пад заканчэнне прэзентацыі на сцэну выйшаў мужчына, які назваўся Аляксандрам Вінаградавым, прадстаўніком "Саюза рускага народа". Ён папрасіў падняць рукі тых з прысутных, у каго ў пашпарце напісана, што ён беларус па нацыянальнасці. (У беларускіх пашпартах, як вядома, няма графы "нацыянальнасць".)
Актывісты палічылі яго правакатарам і выдалілі за залы.
Закончылася прэзентацыя выступам вядомага музыкі Лявона Вольскага.