Суткі, штрафы і гвалт за БЧБ-сцяг. Чаму важна юрыдычна замацаваць яго статус
Увечары 14 траўня ў Мінску пройдуць публічныя абмеркаванні законапраекта аб выкарыстанні і ахове бела-чырвона-белага сцяга. Неўзабаве пасля гэтага дакумент будзе накіраваны на разгляд у Палату прадстаўнікоў. Ці значыць гэта, што АМАПаўцы перастануць коса глядзець на аматараў першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь?
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая выступіла ініцыятарам распрацоўкі законапраекта, лічыць, што цяпер самы лепшы час, каб надаць бела-чырвона-беламу сцягу афіцыйны юрыдычны статус. Да актыўных дзеянняў яе падштурхнулі затрыманні пасля Дня Волі, калі побач з Оперным тэатрам у Мінску БЧБ-сімволіка была дазволеная, а за тэрыторыяй свята людзей з нацыянальнымі сцягамі хапалі міліцыянты.
“Мяне падштурхнула менавіта тое, што людзі, якія карыстаюцца гэтай сімволікай, часам церпяць ад гэтага”.
Чаму ўвогуле апазіцыйныя актывісты церпяць за БЧБ-сцяг?
“На нас паступіла ананімка, што мы распаўсюджваем нацысцкую сімволіку”
Асабіста Павел Белавус не цярпеў з-за таго, што насіў бчб-сцяжок ці стужку. Але некалькі разоў у яго краму sumbal.by прыходзілі праваахоўнікі. Аднойчы прыйшлі міліцыянеры з праверкай: ці не прадаюць у краме нацысцкую сімволіку. Гэта адбылося таму, што перад тым на канцэрце затрымалі падлетка з бела-чырвона-белым сцягам, а ён распавёў, у якой краме яго набыў. Разбіральніцтва было, але скончылася ўсё добра.
“Не так даўно прыйшоў супрацоўнік міліцыі і сказаў, што на нас паступіла ананімка за тое, што мы распаўсюджваем нацысцкую і забароненую сімволіку. Ён выслухаў нас, склаў тлумачэнне пра тое, што такой сімволікі ў нас няма і ўся сімволіка, якая ёсць, не забароненая”.