Праз удар беспілотнікаў па Унечы закрыты рух на ўчастку Крычаў-Сураж
Вайна становіцца ўсё больш істотным фактарам у працы Беларускай чыгункі / Сообщество железнодорожников Беларуси
З 30 траўня 2026 года Беларуская чыгунка спыніла адпраўленне грузавых цягнікоў праз стыкавы пункт Белынкавічы (БЧ)-Сураж (РЧ) у кірунку расійскай станцыі Унеча. Пра гэта паведамляе "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі".
Афіцыйнай прычынай стала пашкоджанне чыгуначнай інфраструктуры ў раёне станцыі Унеча Бранскай вобласці ў выніку ўдару беспілотніка 21 траўня 2026 года.
Грузавыя цягнікі з крычаўскага кірунку Беларускай чыгункі былі перанакіраваныя ў абход — праз Оршу і далей праз міждзяржаўны грузавы стыкавы пункт Асіноўка-Краснае.
Да атакі беспілотніка праз стык Белынкавічы-Сураж праходзіла не больш за 2–3 грузавыя цягнікі на суткі. Другі стыкавы пункт у кірунку Унеча-Закопыцьце (БЧ)-Злынка (РЧ) для руху не закрываўся.
Цяпер устойлівасць беларускіх грузавых перавозак усё больш залежыць не толькі ад стану ўласнай чыгуначнай сеткі, але і ад бяспекі расійскіх памежных вузлоў.
Паводле непацверджаных даных выдання, аднаўленне працы міждзяржаўнага грузавога стыкавога пункта Белынкавічы-Сураж плануецца на 5–6 чэрвеня 2026 года, аднак у абмежаваным рэжыме — з пропускам не больш за аднаго грузавога цягніка на суткі.
Унеча з'яўляецца буйным чыгуначным вузлом на расійскім баку, праз які забяспечваецца пропуск шэрагу цягнікоў, звязаных з працай Беларускай чыгункі.
Перанакіраванне саставаў праз Оршу стварае дадатковую нагрузку на гэты кірунак, які, паводле даных супольнасці, і без таго з'яўляецца найбольш загружаным на сённяшні дзень.