У Беларусі з продажу знік антыдэпрэсант флуаксецін
Застаецца толькі адзін варыянт прэпарата / LookByMedia
У беларускіх аптэках фактычна знік флуаксецін — адзін з найбольш распаўсюджаных антыдэпрэсантаў. Гэта ўжо трэці перабой з пастаўкамі псіхіятрычных прэпаратаў за апошнія паўгода, пішуць "Белыя халаты".
Паводле даных Tabletka.by, у продажы застаецца толькі адзін варыянт прэпарата — флуаксецін 20 мг №20 расійскага вытворцы "Азон", які даступны толькі ў асобных аптэках Брэсцкай вобласці: у Брэсце, Кобрыне, Бярозе і Жабінцы.
Першыя паведамленні пра перабоі пачалі паступаць некалькі тыдняў таму. Прычынай адсутнасці прэпарата ў аптэках назвалі адсутнасць дазволу на ўвоз ад Міністэрства аховы здароўя. Тэрміны аднаўлення паставак не называюцца.
Флуаксецін уваходзіць у мадэльны спіс асноўных лекавых сродкаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Прэпарат ужываецца пры дэпрэсіі, абсесіўна-кампульсіўным расстройстве, буліміі і панічным расстройстве, а таксама ў складзе камбінаванай тэрапіі пры біпалярным расстройстве I тыпу.
Раней, у снежні 2024 года, з беларускіх аптэк знік літый, які выкарыстоўваецца пры біпалярным разладзе, а ў лютым 2025 года — бупрэнарфін.
Да 2022 года ва Украіне выраблены флуаксецін пастаўляўся ў Беларусь. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну гэтыя пастаўкі спыніліся.