Тэкст праекта закона пра БЧБ-сцяг. Абмяркоўваем!
Дэпутат Ганна Канапацкая распрацавала законапраект аб выкарыстанні і ахове бела-чырвона-белага сцяга — першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. У бліжэйшы час праект закона будзе накіраваны на разгляд у Палату прадстаўнікоў.
БЧБ-сцяг быў дзяржаўным сцягам Беларусі з 19 верасня 1991 года па 14 траўня 1995 года. Ён займае істотнае месца ў гісторыі незалежнай Беларусі. Пад бела-чырвона-белым сцягам пасля перамогі на першых прэзідэнцкіх выбарах даваў прысягу Аляксандр Лукашэнка, пад ім жа ўжо больш за 30 гадоў беларусы пратэстуюць супраць уладаў — спачатку савецкіх, а пасля і цяперашніх.
Адсутнасць у бел-чырвона-белага сцяга (і герба "Пагоня") якога-небудзь юрыдычнага статусу, а таксама негатыўнае стаўленне беларускіх уладаў да яго паднялі хвалю рэпрэсіяў супраць прыхільнікаў гэтай сімволікі. Вядомыя выпадкі, калі людзі падвяргаліся штрафам або адміністрацыйным арыштам нават за БЧБ-шалікі і значкі.
Еўрарадыё атрымала тэкст законапраекта, вытрымкі з якога вы знойдзеце ніжэй. 14 траўня а 18-й у кангрэс-холе гатэля "Вікторыя" (пр-т Пераможцаў, д. 59) адбудзецца яго публічная прэзентацыя. Там пройдзе абмеркаванне гэтай ініцыятывы: выступяць дэпутаты, актывісты, гісторыкі, прадстаўнікі грамадскіх і палітычных арганізацый. Таксама будзе творчая праграма з удзелам беларускіх музыкаў.
Пра што напісана ў праекце закона?
Згодна з дакументам, БЧБ-сцяг можна будзе свабодна выкарыстоўваць падчас дзяржаўных святаў і святочных дзён, пры ўрачыстых мерапрыемствах, а выявай сцяга можна будзе карыстацца ў дэкаратыўных мэтах (але такім чынам, каб пры гэтым не была праяўленая непавага да сцяга).
Прадугледжваецца магчымасць вывешваць бела-чырвона-белы сцяг разам з дзяржаўным "у вызначаныя дні ці пастаянна".
Міністэрству культуры прапанцуецца ўнесці бела-чырвона-белы сцяг у спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Распрацоўшчыкі законапраекта прапаноўваюць дапоўніць артыкул 23.85 Адміністрацыйнага кодэкса, які тычыцца незаконных дзеянняў у адносінах да дзяржаўных сімвалаў Беларусі, пунктам пра бел-чырвона-белы сцяг. Будзе прадугледжаны штраф за такія дзеянні — да пяці базавых велічынь (122,5 рубля).