На сацыяльную дапамогу не хапае каля 40 мільярдаў рублёў

Як стала вядома Еўрарадыё, на выплаты адраснай сацыяльнай дапамогі спатрэбіцца амаль на 40 мільярдаў рублёў больш, чым было першапачаткова закладзена ў бюджэт краіны. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў патрабуюць ад ураду знайсці і выдаткаваць гэтыя грошы. Але ёсць меркаванне, што не ўсе ўжо выдадзеныя дапамогі патрапілі па адрасе. У пятніцу дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выслухаюць апраўданні ўраду, чаму так атрымалася, што гадавы запас адраснай сацыяльнай дапамогі скончыўся ўжо ў сакавіку. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла дэпутат Марыя Худая.

Марыя Худая: “Каб яны далі адказ і патлумачылі, чаму так атрымалася. Альбо не правільна падлічылі першапачаткова, альбо не правялі папярэдні аналіз і не падлічылі дакладна, колькі гэта будзе людзей”.

Але акрамя памылкі ў падліках неабходнай сумы для выплат сацыяльнай дапамогі, па грошы, па яе словах, кінуліся перш за ўсё тыя, хто правоў на гэтую дапамогу мае вельмі мала.

Марыя Худая: “Ёсць тыя, хто не працаваў, а пайшлі па гэту адрасную дапамогу. Схаваных прыбыткаў шмат ёсць. Потым яшчэ грамадзянскія шлюбы, калі разлікі робяцца на маці, а там яшчэ жыве і бацька дзіцяці. І гэта не справядліва. Чаму сям’я, якая нармальна зарэгістравала шлюб, не зможа атрымаць дапамогу, бо муж афіцыйна аформлены, працуе і ў іх атрымліваецца, што прыбытак на сям’ю перавышае бюджэт пражытковага мінімуму. А там, дзе хаваюцца, там атрымаюць”.

Такім чынам атрымліваецца, кажа дэпутат, што не заўсёды і не ўсюды сфармаваныя пры райвыканкамах камісіі па выдзяленні адраснай дапамогі спрацавалі так, як трэба, і частка грошай патрапіла людзям, якім выдаваць дапамогу было нельга.

Марыя Худая: “Відаць не ўсюды камісіі выязджалі на месцы. Таму, што была пастаўлена задача аператыўна аказваць адрасную дапамогу. А тут, каб аб’ектыўна разабрацца, трэба было не адзін раз пад’ехаць у тую сям’ю, што звярнулася па дапамогу, і паглядзець матэрыяльныя ўмовы і ўмовы жыцця. Калі дзесьці ўзнікаў сумнеў, можа трэба было даваць на адзін месяц”.

Паводле папярэдніх падлікаў дэпутатаў, на адрасную сацыяльную дапамогу спатрэбіцца каля 40 мільярдаў дадатковых грошай. Дзе ўзяць гэтыя грошы, няхай баліць галава ва ўрада, кажа дэпутат. Ці выдзяляюць з прыбытковай часткі, ці пераразмяркоўваюць іншыя артыкулы бюджэту.

Марыя Худая: “Папярэдне мяркуецца выдзеліць бюджэтную пазыку. Але ж пазыку трэба вяртаць. Значыцца, калі будзе перавыкананне бюджэту, трэба браць адтуль. Ці пры пераразмеркаванні тых або іншых артыкулаў, якія будуць разглядацца падчас карэкціроўкі бюджэту”.

Як паведаміла Еўрарадыё бухгалтар Цэнтра занятасці насельніцтва Маладзечанскага райвыканкама Святлана Прыбаловец, яны ўжо выкарысталі грошы, закладзеныя на 4 квартал і зараз маюць магчымасць выплачваць дапамогу, толькі дзякуючы атрыманым днямі з Мінфіну дадатковых 50 мільёнам рублёў.

Святлана Прыбаловец:
“Нам дадалі 50 мільёнаў, вось толькі 10 красавіка прыйшло паведамленне. Відаць, з абласнога бюджэту. Сёння мы маем 193 мільёны 500 тысяч. Ці хопіць гэтага на год, я не магу сказаць, але сёння мы, перакінуўшы на вясну асігнаванні з 4 квартала, жывем нармальна, пакуль плацім”.

Па словах бухгалтара, каб грошай хапіла на ўсе выплаты да канца года, ім неабходна яшчэ як мінімум 100 мільёнаў рублёў. Не хапіла б закладзеных першапачаткова ў бюджэт на сацыяльную дапамогу грошай і ў Мядзельскім раёне. Але, як паведаміла Еўрарадыё намесніца старшыні па сацыяльнай сферы Мядзельскага райвыканкама Надзея Герновіч, пасля таго, як з Мінфіна дадаткова прыйшло больш за 10 мільёнаў, сённяшняй сумы ў 78 мільёнаў ім павінна хапіць да канца года.

Надзея Герновіч: “Тое, што планавалася яшчэ летась, гэтая лічба была нерэальная. Канешне, мы б у яе не ўклаліся. Але, як Мінфін пачаў дадатковае фінансаванне, у нас гэтае пытанне знялося”.

Дэпутат Марыя Худая прапануе перагледзець канцэпцыю выдачы адраснай сацыяльнай дапамогі. Цяпер яе могуць атрымаць толькі тыя, у каго прыбытак ніжэй за пражытковы мінімум. Толькі, на яе думку, бываюць выпадкі, калі прыбытак чалавека не дазваляе выдаць яму адрасную дапамогу, але сітуацыя, у якую ён нечакана патрапіў, вымушае яго па тую дапамогу звярнуцца. Да прыкладу, ён захварэў і неабходна набываць дарагія лекі. Вось толькі, дзе знайсці грошы для гэтых людзей, калі іх сёння не хапае тым, каму сапраўды жыць няма на што? А яшчэ трэба ўпэўніць чальцоў камісіі па выдачы дапамогі ў тым, што яна табе жыццёва неабходна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі