На салюце ў Мінску загінула жанчына, яшчэ трое гледачоў пацярпелі
Медыкі аказваюць дапамогу пацярпелай падчас салюту.
Сумна скончыўся парад на Дзень незалежнасці ў Мінску. Падчас святочнага салюта некалькі ракет выбухнулі на зямлі. У выніку пацярпелі чатыры чалавекі. Адна з пацярпелых загінула.
Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў Міністэрстве абароны.
"Камісія Міністэрства абароны сумесна са Следчым камітэтам выяўляе прычыны атрымання траўмаў падчас салюта ў Мінску. Пацярпелі 4 чалавекі. З іх адна жанчына атрымала траўму, не сумяшчальную з жыццём. Ваеннае ведамства выказвае спачуванні родным і блізкім загінулай і акажа неабходную дапамогу, — напісана ў афіцыйным тэлеграм-канале ваеннага ведамства. — Выяўлена, што зарады гэтай партыі раней ужо ўжываліся для салютаў".
Відавочцы паведамлялі, што кавалак ракеты ад феерверка трапіў у галаву жанчыне, якая назірала за салютам. Медыкі спрабавалі рэанімаваць яе на набярэжнай Свіслачы ў раёне спартовага комплекса "Дынама" на вуліцы Даўмана, але не змаглі.
На месца здарэння прыбылі спецыялісты са Следчага камітэта. Па іх інфармацыі, загінулая жанчына нарадзілася ў 1955 годзе. 3 ліпеня 2019 года яна назірала за салютам на беразе ракі Свіслач і была параненая. Цяпер следчыя праводзяць праверку па факце яе смерці. Вырашаецца пытанне пра тое, каб распачаць крымінальную справу.
Еўрарадыё выказвае спачуванні сваякам загінулай і пацярпелых падчас салюта.