Старыя ўстаноўкі і танныя зарады: інжынер пра трагедыю на салюце ў Мінску ў 2019
Салют ўстаноўка на наступны дзень пасля выбуху / svaboda.org
Прычынай трагедыі на салюце ў Мінску ў 2019 годзе сталі старыя ўстаноўкі і танныя кітайскія зарады, расказвае былы галоўны інжынер фірмы “Піра-Рос" Андрэй Інкін. Менавіта гэтая кампанія многія гады дапамагала беларускаму Міністэрству абароны арганізоўваць салюты.
Нагадаем, 3 ліпеня 2019 года адна з салютных установак разбурылася. Загінула жанчына, яшчэ дзесяць чалавек атрымалі траўмы. Вінаватымі былі прызнаныя двое супрацоўнікаў "Піра-Рос", іх прысудзілі да трох гадоў "хіміі". Яны ўжо адбылі пакаранне і вярнуліся ў Расію.
"Я раней не казаў нічога, каб не нашкодзіць хлопцам, якія сядзелі. Цяпер жа вырашыў расказаць праўду", — заявіў расійскі спецыяліст у інтэрв'ю "Радыё Свабода". Паводле яго словаў, кампанія "Піра-Рос" займаецца вытворчасцю піратэхнікі з 2006 года. Яна пастаўляла ў Беларусь устаноўкі для салютаў. Але кампанія не толькі робіць новыя, але і займаецца ўтылізацыяй старых.
"Вось тыя ўстаноўкі, якія пайшлі ў Беларусь — яны якраз былі з ліку ўтылізаваных. Мякка кажучы, не зусім новыя былі ўстаноўкі", — расказаў Інкін. Пайсці на такі крок кампанія вырашыла, "каб хутчэй паставіць устаноўкі заказчыку, беларускаму Міністэрству абароны, і, вядома, каб грошы хутчэй атрымаць".
Пытанні былі і з зарадамі. Да 2012 года "Піра-Рос" закупляла зарады для ўстановак у расійскага навукова-даследчага Інстытута прыкладной хіміі, а потым кіраўніцтва вырашыла, што значна танней набываць зарады ў Кітаі. Прычым, са словаў Інкіна, на кітайскія зарады клеілі налепкі, быццам яны вырабленыя ў Расіі.
"Каб было зразумела — расмйскія зарады з НДІ прыкладной хіміі каштавалі 8 тысяч расійскіх рублёў, кітайскія зарады — 2 тысячы. На іх клеілі налепкі, што яны вырабленыя на “Піра-Рос", і прадавалі за тыя ж 8 тысяч расійскіх рублёў", — кажа былы інжынер.
Інцыдэнты з устаноўкамі ў Беларусі, са словаў Інкіна, пачаліся з 2012 года. Спачатку ў разарвала некалькі ствалоў у Брэсце, але ніхто не пацярпеў. У 2013 годзе "разбурыўся прычэп, але гэтае "непаразуменне" зноў замялі". Праз некалькі гадоў расійская кампанія вырашыла купляць у Кітаі яшчэ таннейшыя зарады. Інцыдэнты на салютах у Мінску, са словаў Інкіна, былі і ў 2017 і 2018 гадах. "І зноў усе прамаўчалі, усё замялі". Пакуль у 2019-м не загінулі людзі.
Падчас экспертыз высветлілася, што і зарады кітайскія, і ўстаноўкі не новыя. У выніку ўсё звалілі на супрацоўнікаў, якія абслугоўвалі ўстаноўку ў Мінску, падразалі зарады. Іх зрабілі крайнімі, лічыць былы інжынер, таму што "астатніх вінаватых дастаць было складана".
Цяпер кампанія "Піра-Рос" не арганізуе салюты ў Беларусі. У Расіі па-ранейшаму працуе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.