Як інфармавала Еўрарадыё, міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік паведаміў, што падчас святочнага салюту ў Мінску пацярпелі 9 чалавек. Адна жанчына (1955 года нараджэння) ад атрыманага ранення памерла. У бальніцы знаходзяцца двое мужчын. СК паведаміў пра тое, што цялесныя пашкоджанні атрымалі "не менш за 10 грамадзян", з іх памерла згаданая жанчына.
З паведамлення Следчага камітэта вынікае, што ўвечары 3 ліпеня падчас правядзення святочнага салюту ў сталіцы "адбыліся чатыры выбухі феерверачных вырабаў". У выніку былі разбураныя салютныя ўстаноўкі, у розныя бакі разляцеліся аскепкі.
Следчую групу стварылі з супрацоўнікаў цэнтральнага апарату СК, упраўленняў па Мінску і Мінскай вобласці. Адпрацоўваюцца чатыры версіі: няспраўнасць салютных установак, няспраўнасць феерверачных вырабаў, няправільная зарадка салютных установак, няправільная эксплуатацыя салютных установак. Следчыя вывучаюць месцы здарэнняў, тэхнічную дакументацыю, дапытваюць вайскоўцаў, якія заражалі салютныя ўстаноўкі, супрацоўнікаў прадпрыемства, якое паставіла феерверкі.