На Віцебшчыне ў насельніцтва канфіскоўваюць і знішчаюць свінняў (відэа)
У трох вёсках Віцебскага раёна — Ліпаўцы, Шапечына і Асінаўка — у насельніцтва забралі і знішчылі свінняў з асабістых прысядзібных гаспадарак.
Тлумачыцца гэта нейкай эпідэміяй, але якой менавіта — гаспадарам жывёлаў не паведамляюць.
Па словах жыхара Шапечына, якія перадаюць "Народныя навіны Віцебска", 19 чэрвеня ў іх вёсцы забралі ўсіх свінняў, пагрузілі іх у прычэпы трактароў і павезлі ў невядомым кірунку. Насельніцтву параілі не гаварыць пра падзеі, калі не хочуць непрыемнасцяў на працы. У Асінаўцы ліквідатары забіралі свінняў 20 чэрвеня, і частка гаспадароў паспела зарэзаць сваіх свінняў. Але ў тых, хто не паспеў апрацаваць свежыну, свіныя тушы канфіскоўвалі. Забіралі і разабранае мяса, калі знаходзілі яго ў хаце.
Самі дэзінфектары кажуць, што не ведаюць, на што былі хворыя жывёлы. Яны проста атрымалі ўказанне апрацаваць хлявы каўстычнай содай.
Пачуўшы пра канфіскацыю жывёлаў, у вёсцы Машканы Сенненскага раёна, побач з якой ёсць буйны свінакомплекс, насельніцтва ў паніцы пачало масава забіваць асабістых свінняў.
Як паведамляла Еўрарадыё, такая ж незразумелая сітуацыя са свіннямі адбываецца на Стаўбцоўшчыне.
Фота — news.vitebsk.cc