На заснавальніка сайта Gulagu.net адбыўся замах у Францыі
Уладзімір Асечкін / theins.ru
На заснавальніка сайта Gulagu.net Уладзіміра Асечкіна адбыўся замах у французскім горадзе Біярыц, піша сайт "Інсайдар".
Уратавацца Асечкіну дапамагла выпадковасць: ён заўважыў чырвоную кропку прыцэла на сцяне.
"Увечары сям'я была ў тэатры, а я працаваў у цемры, ніхто не думаў, што я дома знаходжуся адзін. Я працаваў у цемры з дакументамі, макбук з прыглушаным святлом — мне так зручна працаваць. Калі прыехалі дзеці з жонкай, мы падрыхтавалі вячэру, і я памятаю: нясу талеркі ставіць дзецям і бакавым зрокам на адной з тэрас бачу, як чырвоная кропка рухаецца ў мой бок праз парэнчы тэрасы", — падзяліўся падрабязнасцямі ён.
Асечкін кажа, што пра магчымасць замаху яго папярэджваў даследчык Bellingcat Хрыста Грозеў.
Па словах заснавальніка Gulagu.net, уся сям'я адразу павалілася на падлогу, у доме адключылася святло — яны дзейнічалі так, як іх навучылі падчас спецыяльнай падрыхтоўкі.
"Суседзі ўжо далі паказанні, чулі воплескі-стрэлы. У мяне не пацэлілі, стрэлы былі, прыцэл ішоў у мой бок", — дадае Асечкін.
Уладзімір Асечкін і яго праект Gulagu.net займаецца праваабаронай. Самым вядомым іх праектам сталі відэа з катаваннямі ў расійскіх турмах і калоніях, якія праваабаронцам перадаў праграміст- беларус Сяргей Савельеў. Відэа, дакументы і фота, якія Gulagu.net публікуе з кастрычніка 2021 года, сведчаць пра масавыя катаванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.