Алесь Бяляцкі стварае фонд для барацьбы з глабальным крызісам правоў чалавека
Алесь Бяляцкі
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі абвясціў пра стварэнне Фундацыі Алеся Бяляцкага (The Ales Bialiatski Foundation). Новая арганізацыя будзе скіраваная на барацьбу з глабальным крызісам правоў чалавека.
Фонд Бяляцкага будзе працаваць на стратэгічным скрыжаванні правоў чалавека, светабудаўніцтва і рэгіянальнай бяспекі. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
Стваральнікі фонду адзначаюць, што ў Еўропу вярнулася поўнамаштабная вайна, у Беларусі і Расіі цалкам знішчаная прастора для грамадзянскай супольнасці, і гэтая тэндэнцыя назіраецца таксама ў Кыргызстане і Грузіі. Крызіс набывае глабальны характар: "Палярызацыя і антыправавыя наратывы размываюць ўніверсальнасць права ва ўсім свеце, што патрабуе прынцыпова новага лідарства і стратэгій".
Бяляцкі кажа, што пасля свайго вызвалення пры канцы 2025 года "ўбачыў перайначаны свет, напоўнены глыбокай глабальнай нявызначанасцю". Гэта і падштурхнула яго да стварэння новай арганізацыі. На яе дзейнасць пойдзе частка сродкаў, атрыманых ад Нобелеўскай прэміі.
Бяляцкі падкрэслівае, што застаецца старшынёй "Вясны", аднак яго асабісты фокус змяшчаецца на міжнародную прастору: "Як сябра сусветнай супольнасці я адчуваю адказнасць абараняць усеагульнасць правоў чалавека ў момант, калі сама гэтая канцэпцыя знаходзіцца пад пагрозай".