Прапагандыст заявіў пра вызваленне 196 чалавек са спісу палітвязняў

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гаворка не ідзе пра новую хвалю памілаванняў

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гаворка не ідзе пра новую хвалю памілаванняў / LookByMedia

196 чалавек са спісу палітычных зняволеных праваабарончага цэнтра "Вясна" знаходзяцца на волі. Пра гэта паведаміў дзяржаўны прапагандыст на АНТ, спасылаючыся на ўласныя дадзеныя, піша "Вясна".

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гаворка не ідзе пра новую хвалю памілаванняў. Частка асуджаных адбыла прызначаныя тэрміны, аднак "Вясна" не была праінфармаваная пра іх вызваленне і працягвала ўлічваць гэтых людзей як палітычных зняволеных.

У сюжэце тэлеканала АНТ, у прыватнасці, згадалі імёны Алены Рыбак, Уладзіслава Федаровіча, Вадзіма Саскаўца і Аляксандра Пімашэнкі, якія, паводле сцвярджэння прапагандыста, знаходзяцца на волі.

Паведамляецца, што некаторых з раней асуджаных прымусілі даць інтэрв’ю прапагандысту Ігару Туру.

Цяпер на сайце "Вясны" пазначана, што ў зняволенні паводле палітычных матываў застаюцца не менш як 868 чалавек.

Праваабаронца Леанід Судаленка нагадвае, што "Вясна" "працуе не з доступам да дзяржаўных базаў, а ва ўмовах поўнай закрытасці і страху ў грамадстве"

"Калі дзяржава хавае інфармацыю пра суды, памілаванні і вызваленні, а людзі пад страхам новых рэпрэсій баяцца публічнасці, натуральна, што частка звестак можа паступаць са спазненнем. У Беларусі сёння арыштоўваюць людзей, пра якіх мы ўвогуле пакуль не ведаем, асабліва тых, хто знаходзіцца ў СІЗА і чакае суда.

Прапаганда абмеркоўвае не маштаб рэпрэсій, а тэхнічныя недакладнасці ў базе, створанай праваабарончай супольнасцю фактычна ў падпольных умовах. 

Нават калі нехта ўжо выйшаў на волю — гэта не адмяняе таго факту, што чалавек быў незаконна пазбаўлены свабоды і прызнаны палітвязнем", — кажа Судаленка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.