Намеснік старшыні Партыі БНФ сышоў: абурыўся, што Кастусёў быў на гей-прайдзе
Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксандр Стральцоў сышоў з арганізацыі, паведамляе Белсат. Ён абурыўся ўдзелам кіраўніка партыі Рыгора Кастусёва ў гей-прайдзе ў Вільні.
Стральцоў патлумачыў, што на яго думку ўдзел кіраўніка ПБНФ у такіх імпрэзах недапушчальны “незалежна ад таго, быў ён змушаны або добраахвотны”. Таксама ён мяркуе, што партыя мае “кансерватыўнае аблічча” і падобныя дзеянні супярэчаць яму.
Ці будуць іншыя чальцы партыі выходзіць з яе праз падтрымку Кастусёвым гей-прайда, Стральцоў не ведае.
Фота Рыгора Кастусёва на фоне вясёлкавых сцягоў з’явілася ў Фэйсбуку 8 чэрвеня. Пазней палітык сказаў журналістам, што сапраўды быў у Вільні на гей-прайдзе і наведаў яго, “каб сфармаваць свій асабісты падыход” да праблемы ЛГБТ. Кастусёў таксама прызнаўся, што пасля наведвання падзеі яго стаўленне да гэтай супольнасці стала “менш катэгарычным”.