Народныя амбасады Беларусі прынялі заяву пра "Дзень народнага адзінства"
Народныя амбасады Беларусі
Народныя амбасады Беларусі выказаліся з нагоды "Дня народнага адзінства". Яны прынялі рашэнне зрабіць заяву, каб стаць голасам беларусаў унутры краіны, якіх "татальны тэрор рэжыму Лукашэнкі пазбавіў магчымасці выказваць сваё меркаванне".
"Толькі адзін рэжым ва ўсім свеце аб'явіў святам пачатак ваенных дзеянняў [у часы Другой сусветнай вайны], якія прывялі да змены межаў. Святкаванне нелегітымным, незаконным і злачынным рэжымам Лукашэнкі савецка-нацысцкага нападу на Польшчу ў 1939 годзе не выклікае ў нас ніякіх іншых пачуццяў, акрамя агіды, гневу і сораму", — сказана ў заяве.
На думку Народных амбасадаў, свята, заснаванае Лукашэнкам у 2021 годзе, было патрэбнае, каб абвясціць пратэсты 2020 года часткай "змовы Польшчы і НАТА" з мэтай "забраць страчаныя ў 1939-м годзе тэрыторыі". "«Свята» стваралася з мэтай штучна мабілізаваць беларусаў супраць суседняй Польшчы, а таксама супраць прыхільнікаў аднаўлення дэмакратыі ў Беларусі, якіх прапаганда абʼявіла «польскімі марыянеткамі»", — дадаюць прадстаўнікі амбасадаў.
Яны не прымаюць і асуджаюць "распачатую незаконным прарасейскім рэжымам кампанію нянавісці супраць Польшчы, палякаў і польскай меншасці ў Беларусі". "Мы схіляем галовы перад усімі нявіннымі ахвярамі Другой сусветнай вайны — адной з найвялікшых трагедыяў у гісторыі чалавецтва, да якой прывяла злачынная змова двух таталітарных рэжымаў", — заканчваецца заява.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.