Без намёкаў. Як сябры-дыктатары Польшчу дзялілі

Без намёкаў. Як сябры-дыктатары Польшчу дзялілі

Два сябры-дыктатары мелі напружаныя адносіны, але ў адзін патрэбны момант змаглі аб’яднацца. Гэтым момантам стаў сумесны напад на іншую краіну.  

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як Гітлер і Сталін падпісалі пакт аб ненападзе Германіі на СССР, дзе дробным шрыфтам быў прадугледжаны падзел Польшчы. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і іншымі краінамі АДКБ выпадковыя.

Пакт Молатава — Рыбентропа

23 жніўня 1939 года паміж сталінскім СССР і гітлераўскай Германіяй была падпісана дамова аб ненападзе — пакт Молатава — Рыбентропа. Да дакумента прыкладаўся сакрэтны дадатковы пратакол аб размежаванні сфер інтарэсаў ва Усходняй Еўропе на выпадак "тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання".

“Пераўладкаванне” пачалося ўжо праз тыдзень: 1 верасня Германія нападае на Польшчу, з чаго пачынаецца Другая сусветная вайна. А 17 верасня на тэрыторыю краіны ўвайшла і Чырвоная армія. Германія і СССР 22 верасня адзначаць паспяховую ваенную аперацыю агульным парадам у Брэсце. А 28 верасня падпісана “Германска-савецкая дамова аб сяброўстве і мяжы паміж СССР і Германіяй”.

Без намёкаў. Як сябры-дыктатары Польшчу дзялілі
Той самы парад у Брэсце

Адной Польшчы будзе мала

Аднак Сталіну часткі Польшчы будзе мала. Ён забярэ сабе і краіны Балтыі і нават замахнецца на Фінляндыю. 

Літва спачатку апынулася пад нямецкім уплывам, бо побач быў Кёнігсберг. Але потым будучы Калініград цалкам адыдзе да СССР.

Пад канец 1939 года Сталін уварваўся ў Фінляндыю і пасля няўдалай зімовай вайны змог адабраць у фінаў Карэлію і пару кавалкаў фінскай тэрыторыі.

А ў 1940 годзе адбылася поўная акупацыя і анексія Сталіным краін Балтыі — Эстоніі, Латвіі і Літвы.

“Бліскучы ход” Сталіна

Без намёкаў. Як сябры-дыктатары Польшчу дзялілі
"Цікава, як доўга пратрывае мядовы месяц?" / брытанская карыкатура

Уварванне ў Польшчу Сталін тлумачыў “клопатам” за этнічных беларусаў і ўкраінцаў, якія складалі там большасць. Але масавыя рэпрэсіі, якія пачаліся пасля прыходу Чырвонай арміі, сведчаць пра іншае: яго больш клапаціла пытанне пашырэння межаў савецкай імперыі.

Пасля заканчэння вайны СССР доўгі час адмаўляў сакрэтны пратакол. Да сваёй смерці ў 1986 годзе экс-міністр замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў увогуле адмаўляў сам факт падпісання дамовы з Германіяй. У 1989 годзе, у часе “перабудовы”, сход народных дэпутатаў СССР асудзіў пакт Молатава — Рыбентропа і сакрэтны дадатак да яго.

Цяпер прыхільнікі Сталіна лічаць падпісанне пагаднення з Гітлерам бліскучым ходам правадыра. У якасці яго апраўдання прыводзяць некалькі аргументаў: пакт дазволіў і адтэрмінаваць вайну з Германіяй, і прадухіліць “антысавецкую змову” паміж Германіяй і іншымі еўрапейскімі краінамі. Маўляў, адной дамовай — двух зайцаў.

Відаць, сумесны з гітлераўцамі парад у Брэсце — гэта таксама частка “бліскучага ходу правадыра”: падгуляць немцам, каб ні пра што не здагадаліся.  

Ці бліскучы ход Гітлера? 

Большасць гісторыкаў пагаджаецца ў тым, навошта пагадненне са Сталіным было патрэбнае Гітлеру: фюрар не хацеў ваяваць на два фронты — Усход і Захад. І свайго ён дасягнуў: з Усходам ён пачне ваяваць толькі з чэрвеня 1941-га.

За год да падпісання пакта Германія падпісвае з Вялікабрытаніяй і Францыяй Мюнхенскае пагадненне. Яно прадугледжвала, што Чэхаславакія на працягу дзесяці дзён вызваліць і саступіць Германіі Судэцкую вобласць. Дзеянні афіцыйных Лондана і Парыжа можна трактаваць як трагічныя, якія пазней развяжуць Гітлеру рукі. Але ў іх апраўданне можна сказаць, што на той час яны яшчэ не ведалі, з кім маюць справу.

Пазней Гітлер захопіць рэшткі Чэхаславакіі насуперак Мюнхенскім дамоўленасцям. Пасля гэтага ілюзій наконт яго персоны ўжо не мусіла быць. Але Сталіну гэта не перашкодзіла заключыць з ім пагадненне. 

Без намёкаў. Як Гітлер без адзінага стрэлу забраў Чэхаславакію

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі