Бухло, паліцыя, кантракт. Як беларусы трапляюць у расійскае войска і на вайну

Беларусы ва ўкраінскім палоне / euroradio.fm
Сёння вядома пра больш за сорак беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі, абараняючы Украіну. Але грамадзяне Беларусі ваююць і з іншага боку, у расійскім войску. Як яны туды трапляюць, хто гэтыя людзі і колькі іх?
Еўрарадыё даведалася дэталі біяграфіі 45 грамадзян Беларусі, якія загінулі ва Украіне, зніклі без вестак або трапілі ў палон, змагаючыся пад расійскім трыкалорам.
Ва ўкраінскім палоне
Украінскі праект "Хачу жыць" публікуе звесткі пра расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі або трапілі ў палон ва Украіне. Супрацоўнікі праекта расказалі Еўрарадыё пра пяцярых грамадзян Беларусі, якія ваявалі па кантракце на баку Расіі і добраахвотна здаліся ўкраінскаму войску. Мы даведаліся дэталі іх біяграфій дзякуючы дапамозе беларускіх сілавікоў з BELPOL.
Дзмітрый Ананчык
Мінчаніну Дзмітрыю Ананчыку 24 гады. Нядаўна ён расказваў у інтэрв'ю "Хачу жыць", што апынуўся на вайне "выпадкова": трапіўся ваеннай паліцыі ў акупаваным Луганску, куды "паехаў на заробкі". Хлопец быў п'яны, у аддзяленні яго прымусілі падпісаць кантракт.
Артур Яфрэмаў
37-гадовы рознарабочы Артур Яфрэмаў з Касцюковічаў быў неаднаразова судзімы за маёмасныя злачынствы. Апошні раз — у 2019 годзе. Мабыць, пасля гэтага мужчына выехаў у Расію.
На відэа, запісаным ва ўкраінскім палоне, Яфрэмаў расказвае гісторыю, як дзве кроплі вады падобную на аповед Дзмітрыя Ананчыка: быў на заробках, п'яным трапіўся паліцыі. А потым паліцыянты яго "прэсавалі", каб ён падпісаў "кантракт на вайну".
Яўген Камянькоў
26-гадовы Яўген Камянькоў з Бабруйска быў абвешчаны ў вышук у Беларусі ў ліпені 2022 года — пасля таго, як разам з падлеткам сышоў з манастыра ў Брэсце. Праз тыдзень хлопчыка знайшлі ў Расіі. Пра тое, дзе знаходзіцца Камянькоў, стала вядома толькі ў траўні 2024 года, калі ён трапіў у палон на вайне ва Украіне.
У Камянькова ёсць судзімасць. У 2017 годзе ён знайшоў і пакінуў у сябе пяць патронаў. Да хлопца тады ўжылі "меры бяспекі і лячэння".
Мы звязаліся з бабруйчанкай, знаёмай з Камяньковым. Яна расказала, што не мела зносінаў з Яўгенам ўжо 7-8 гадоў. Больш дакладна мусіць ведаць пра яго прыёмны бацька, які "намучыўся з ім капітальна".
Андрэй Лапатнёў
33-гадовы жыхар Віцебска Андрэй Лапатнёў памяняў шмат месцаў працы: ад камерцыйнага агента да будаўнічых фірмаў. У 2016 годзе, калі Лапатнёў працаваў у "навукова-тэхналагічным парку Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта", яго судзілі паводле наркатычнага артыкула.
У сакавіку 2024 года ён збіраўся з'ехаць у Еўропу па працоўнай візе, але яго зноў затрымалі за марыхуану. Ён падпісаў падпіску аб нявыездзе, але аднойчы вырашыў парушыць яе і выехаў у Расію, дзе ў красавіку 2024 года яго затрымала паліцыя, якая і прапанавала падпісаць кантракт.
Беларус трапіў у 123-ю мотастралковую брыгаду. Ніхто са сваякоў не ведаў, дзе ён знаходзіцца. Цяпер Лапатнёў у палоне і просіць, каб яго абмянялі і вярнулі ў Беларусь. На радзіме яго чакаюць дзве дачкі.
Іван Шабунька
Іван Шабунька з Мастоў з 1998 па 2002 год быў неаднаразова судзімы, у тым ліку ў Беластоку (Польшча) — за крадзяжы з узломам і згоны аўтамабіляў. Мужчыну ўзялі ў палон беларускія добраахвотнікі з БДК і "Тэрору".
Пазней ён расказаў, што пасля Польшчы паехаў у Расію на будаўнічыя працы. Праз п'яную бойку з паліцэйскімі яму пагражала крымінальная адказнасць. Але ў паліцыі прапанавалі падпісаць кантракт і адправіцца на вайну ва Украіну, і ён пагадзіўся.
Пра 48-гадовага Алега Талкацэвіча з Бярозы (Брэсцкая вобласць) сваякі нічога не чулі пасля лістапада 2022 года. Тады ён з'ехаў з расійскай ПК № 9 у Калінінградскай вобласці, дзе адбываў пакаранне, на навучальныя зборы ПВК "Вагнер". І перастаў выходзіць на сувязь.
Мы звязаліся са сваяком Алега Талкацэвіча. Ён не ведае, як той апынуўся ў Калінінградскай калоніі. А пра яго лёс кажа так: "Напэўна, на заданне баявое пайшоў. Заключыў кантракт і ўсё".
Сярод тых, хто лічыўся зніклым без вестак — 36-гадовы Канстанцін Кароткі з Барысава, 27-гадовы Яўген "Легіянер" Ільін з Лепеля, 51-гадовы Міхаіл Шалугін. А вось сваякам 34-гадовага Ігара Хасанава з Гродна пашанцавала. У пачатку сакавіка яго знайшлі жывога — у шпіталі ў акупаванай расіянамі Луганскай вобласці з асколачным раненнем сярэдняй цяжкасці.
Загінулых ва Украіне грамадзян Беларусі, якія ваявалі за Расію, можа быць нашмат больш. Многія целы застаюцца неідэнтыфікаванымі. Таксама ўраджэнцы і грамадзяне Беларусі маглі яшчэ да вайны атрымаць расійскія пашпарты, і таму ў зводках яны праходзяць як грамадзяне Расіі.
Заробкі ў Расіі — прамы шлях на фронт
У сацсетках ёсць мноства груп, заваленых аб'явамі аб вакансіях, адкрытых у Расіі для беларусаў. У асноўным шукаюць будаўнікоў. Ёсць запрашэнні на працу ў акупаваным расіянамі Крыме.
Часам можна натрапіць і на прамыя аб'явы аб наборы ў расійскую армію па кантракце. Але як паказваюць прыклады ўзятых у палон беларусаў, перавалачным пунктам перад лініяй фронту можа апынуцца выезд на любыя заробкі. Асабліва на акупаваных тэрыторыях.
Таксама на расійскіх парталах можна знайсці запыты ад беларусаў, якія хочуць патрапіць на "СВА":
Васілію з Ангарска адказваюць:
"У расійскай арміі пры выкананні пэўных умоў па кантракце могуць служыць і беларусы.
<...>
Але для вас ёсць абмежаванні. Паступіць на службу можна толькі на воінскія пасады, якія падлягаюць замяшчэнню салдатамі, матросамі, сяржантамі і старшынамі. Кожны, хто хоча заключыць кантракт, павінен знаходзіцца ў Расіі на законнай падставе (дазвол на часовае пражыванне або від на жыхарства).
Кандыдату павінна споўніцца 18 гадоў, максімум — 30. Таксама неабходна, каб была хаця б агульная адукацыя (не менш за 9 класаў). На некаторыя пасады патрабуецца сярэдняя агульная адукацыя (11 класаў) або сярэдняя прафесійная адукацыя (тэхнікум або каледж)".
Верагодна, і Дзмітрый, і Васіль падыдуць пад крытэрыі непатрабавальнай расійскай ваеннай машыны. Вядома, іх мог бы спыніць крымінальны артыкул за найміцтва, які ёсць у беларускім заканадаўстве. Але практыка паказвае, што ўлады ўжываюць яе выбарча. Грамадзян Беларусі, якія ваююць у расійскіх вайсковых падраздзяленнях, чапаюць вельмі рэдка — тады, калі да іх ёсць нейкія іншыя прэтэнзіі. А крымінальным пераследам пагражаюць тым, хто абараняе Украіну.
Лічыце працу Еўрарадыё важнай і карыснай? Вы можаце падтрымаць нас у гэтыя цяжкія часы данатам на BuyMeaCoffee або DonorBox, а таксама стаць падпісчыкам на Patreon.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.