Мінскае "Дынама" ўпершыню пачне плэй-оф Кубка Гагарына на сваёй пляцоўцы

"Дынама" ўпершыню згуляе ў плэй-оф з ЦСКА / t.me/hockeyby/
Мінскае "Дынама" ўпершыню пачне плэй-оф Кубка Гагарына на сваёй пляцоўцы. Яго сапернік — маскоўскі ЦСКА. Першы матч прызначаны на 26 сакавіка. Наступны матч на "Мінск-Арэне" — 28 сакавіка. Далей дзве гульні пройдуць у Маскве (30 сакавіка і 1 красавіка). Пры неабходнасці (серыя працягваецца да чатырох перамог адной з каманд) 3 красавіка каманды згуляюць у Мінску, 5 красавіка — у Маскве, 7 красавіка — зноў у беларускай сталіцы.
У апошнім матчы рэгулярнага першынства КХЛ мінскія дынамаўцы выйгралі ў гасцях у "Сочы" (6:2) і занялі ў Заходняй канферэнцыі чацвёртае (рэкорднае) месца. ЦСКА — пяты. У рэгулярным чэмпіянаце ў гэтым сезоне "Дынама" выйграла ў армейцаў усе чатыры матчы.
У іншых парах на Захадзе згуляюць: "Лакаматыў" — "Тарпеда", маскоўскае "Дынама" — СКА, "Спартак" — "Северсталь". На Усходзе ўтварыліся наступныя пары: "Трактар" — "Адмірал", "Металург" — "Авангард", "Салават Юлаеў" — "Сібір", "Аўтамабіліст" — "Ак Барс".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.