Будуць судзіць лекара адной з мінскіх паліклінік, які падрабляў рэцэпты

Лекару выстаўлена абвінавачванне ў падробцы афіцыйнага дакумента

Лекару выстаўлена абвінавачванне ў падробцы афіцыйнага дакумента / pixabay.com

Будуць судзіць лекара адной з мінскіх паліклінік, які падрабляў рэцэпты. Зламыснік — 55-гадовы замежнік, які мае від на жыхарства ў нашай краіне. Раней у яго ўжо былі праблемы з законам.

Пасля затрымання лекара агульнай практыкі па падазрэнні ў вырабе падробленых рэцэптаў у яго па месцы жыхарства правялі ператрус. Знайшлі розныя рецептурных бланкі, а ў камп'ютары — электронныя ўзоры дакументаў з пячаткамі і подпісамі іншых лекараў.

Затрыманы сваю віну не прызнаў. Паводле яго версіі, аднойчы на рынку ён пазнаёміўся з мужчынам, які нібыта і прасіў дапамогі ў набыцці "для маці" кропляў для вачэй (ездзілі іх купляць не толькі ў сталіцы, але і ў аптэках Маладзечна і Барысава). Яны адпускаюцца строга па рэцэпце, "уяўляюць цікавасць для нарказалежных людзей". Праўда, высветліць асобу гэтага знаёмага следства не змагло.

Летась лекара прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за вымагальніцтва, у яго нязнятая і непагашаная судзімасць. Цяпер жа яму выстаўлена абвінавачванне ў падробцы афіцыйнага дакумента, учыненага паўторна групай асоб. Мужчына знаходзіцца пад вартай. Вядома, што на яго ўтрыманні знаходзіцца малалетняе дзіця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.