Настаўніцу гісторыі ў Бабруйску судзяць за сінюю і жоўтую стужкі ў валасах
23 сакавіка ў Бабруйску прайшло першае судовае пасяджэнне над настаўніцай гісторыі сярэдняй школы №27 Ларысай Секержыцкай, піша "Бобруйский курьер".
Жанчыну судзяць за тое, што ў школу яна 4 сакавіка прыйшла з сіняй і жоўтай стужкай у валасах. Яе вінавацяць у тым, што "прыняла актыўны ўдзел у правядзенні масавага мерапрыемства ў выглядзе пікетавання і прыцягнення ўвагі грамадзян шляхам публічнага дэманстравання стужачак сіняга і жоўтага колераў, якія сімвалізуюць нацыянальны сцяг Украіны".
Секержыцкая з фармулёўкай не пагаджаецца і сваю віну не прызнае.
Яна кажа, што зранку ў настаўнцікай рыхтавлася да ўрока, калі туды зайшлі дзве яе калегі. Яны зачынілі дзверы на замок і сталі гучна патрабаваць тлумачэнняў наконт яе прычоскі.
На шум прыйшла намесніца дырэктара школы па вучэбнай рабоце. Яна заявіла, быццам стужкі ў прычосцы не адпавядаюць дзелавому стылю, і запатрабавала зняць іх. На судзе завуч патлумачыла: "У дадзенай сітуацыі выкарыстанне двух гэтых колераў не зусім дарэчнае".
Потым Секержыцкую выклікалі да дырэктаркі, якая запатрабавала напісаць тлумачальную і прыгразіла непадаўжэннем кантракту.
Пасля першага ўрока настаўніцу зноў выклікалі ў кабінет дырэктара, дзе яе ўжо чакаў міліцыянт Сяргей Рудзько. Ён даставіў Секержыцкую ў "апорку". Там, па сцвярджэнні настаўніцы, яе прымусілі распрануцца і абшукалі.
На судзе Рудзько заявіў: "Сваім выглядам грамадзянка Секержыцкая выказвала свае палітычныя погляды і стаўленне да таго, што адбываецца ва Украіне".
На пытанне, чаму ён вырашыў, што стужкі азначаюць сцяг, міліцыянт паведаміў: "Колеры адпавядаюць сцягу Украіны".
Яшчэ адной сведкай у першы дзень суда стала настаўніца матэматыкі СШ №27. Яна заявіла, што знешні выгляд Секержыцкай ў той дзень цалкам адпавядаў дзелавому стылю.
Працэс працягнецца 30 сакавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.