Навесы на мінскіх прыпынках з'явяцца толькі да канца 2010 года?

Мінчане усё яшчэ мерзнуць на неабсталяваных аўтобусных прыпынках. Навесы былі знесены паводле рашэння Мінгарвыканкама аб ліквідацыі прыватных шапікаў. Шмат дзе да гэтага часу не існуе перакрыццяў, якія б хавалі ад ветру, снегу і дажджу жыхароў горада. Хаця намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінгарвыканкама Станіслаў Пяткевіч лічыць, што неабходнае ў зімовы час абсталяванне ўжо ёсць.

Станіслаў Пяткевіч: Крайне неабходнае для нашага насельніцтва ўжо ёсць. Тое, што прыняў раён, мы ўсюды ўсталявалі —лаўкі, сметніцы.

Паводле плану, прыпынкі павінны былі абсталяваць да заканчэння 2008 года. Віну за тое, што гэтага не адбылося, Пяткевіч скідвае на навагоднія святы.

Станіслаў Пяткевіч: Перад Новым годам існавала праблема пастаўкі матэрыялаў з-за межаў Рэспублікі Беларусь, таму працы былі зроблены не ў поўным аб’ёме.
ЕРБ: Дык, а калі прыпынкі будуць хаця б накрытыя?
Станіслаў Пяткевіч: Студзень — гэта такі самы найлепшы варыянт. Матэрыялы ужо закуплены, і зараз ідзе вытворчасць навесаў. Заказчык Гаррэмаўтадор выконвае і ўсталёўвае ўжо.

Аднак у ГУ “Гаррэмаўтадор Мінгарвыканкама” старшыня аддзела тэхнічнага нагляду Марыя Еўсікава ўпэўнена сцвярджае, што працы ўжо скончыліся.

Марыя Еўсікава: “У нас рашэнне Мінгарвыканкама да канца года 2008 па тых навесах, якія мы знеслі. Тое, што нам было па плане 538 навесаў, мы ўсталявалі на 100%”.

У гэтую катэгорыю, па яе словах, не ўваходзяць прыпынкі, што знаходзяцца на вуліцах, на якіх вядзецца капітальны рамонт.

Хуткасць абсталявання прыпынкаў залежыць ад хуткасці правядзення капітальнага рамонту па ўсёй вуліцы. Пра гэта Еўрарадыё распавяла кіраўніца аддзелу праектавання аб’ектаў па капітальным рамонце “Гаррэмаўтадора” Валянціна Анцыпаровіч. Па яе словах, ва ўсіх праектах прадугледжана абсталяванне прыпынкаў навесамі.

Валянціна Анцыпаровіч: Тыя аб’екты, якія мне уключаюць у капрамонт, мы прадугледжваем пры неабходнасці перабудову прыпынкаў грамадскага транспарту. Ва ўсіх праектах прадугледжваецца абсталяванне прыпыначных пунктаў навесамі. Згодна з дэфектным актам эксплуатуючай арганізацыі, яны мне пішуць, што трэба ўсталяваць столькі і столькі новых навесаў на прыпынках, мы гэта ўсё закладаем у праект.

Тыя прыпынкі, якія закладзены ў праект капітальнага рамонту, мусяць быць абсталяваныя да 2010 года. А да гэтага часу жадаем мінчанам апранацца цяплей і не хварэць.


Фота — "Беларускія навіны"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі