Назіральнік дамогся перападліку галасоў. У выніку перамог апазіцыянер
18 лютага Сяргей быў назіральнікам на выбарчым участку №7 Купрыянаўскай акругі Мінска. Акурат там, дзе балатаваўся ў дэпутаты Мінгарсавета сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзмітрый Кавалгін. Цягам дня, расказвае хлопец Еўрарадыё, усё было як звычайна: незалежныя назіральнікі налічваюць 237 чалавек, якія прыйшлі галасаваць, а сябры камісіі ― 326, на заўвагу пра несупадзенне лічбаў старшыня камісіі не рэагуе, падчас падліку бюлетэняў назіральнікі сядзяць у дзесяці метрах ад стала, дзе той падлік адбываецца…
Але нават гэтыя хітрыкі з лішнімі выбаршчыкамі і пасадкай назіральнікаў на бяспечную адлегласць не ратуюць камісію. Сяргей звяртае ўвагу на несупадзенне названых лічбаў і… памеру стосаў бюлетэняў.
Сяргей: “Пачалі яны лічыць. Налічылі Ерафеенку ― 87 галасоў, Кавалгіну ― 82, а Якубіцкаму, які ў выніку быў абраны дэпутатам, ― 108. Я гляджу на стосы бюлетэняў і бачу, што яны па памерах не адпавядаюць названым лічбам. Канкрэтна гэта было бачна на стосах бюлетэняў Ерафеенкі і Кавалгіна: у Кавалгіна стос разы ў тры большы за стос Ерафеенкі, а галасоў у яго менш. Я і звярнуў на гэта ўвагу старшыні камісіі ― як такое можа быць?”
Старшыня камісіі пагадзілася з тым, што “выйшла нейкая памылка” і пасля перападліку лічбы змяніліся. Прычым, кардынальна.
Сяргей: “Пасля новага падліку ў Кавалгіна стала 133 галасы, у Ерафеенкі лічба з 87 ператварылася ў 24, а ў трэцяга кандыдата стаў 121 голас”.
Гэтую “памылку” старшыня камісіі тлумачыць стомленасцю сяброў камісіі ― дванаццаць гадзін, маўляў, працуюць ужо, рознае бывае.
“Было яшчэ, здаецца, пяць участкаў, дзе былі ўважлівыя і прынцыповыя назіральнікі, і там я выйграў. Я сам быў падчас падліку на адным з участкаў, і там я атрымаў 55% галасоў, а мой канкурэнт ― каля 20%”, ― кажа цяпер ужо былы кандыдат у дэпутаты Дзмітрый Кавалгін.
Што праўда, гаворка ідзе пра падлік галасоў, аддадзеных у дзень асноўнага галасавання ― 18 лютага. І гэтак жа, як і на ўчастку №7, у гэты дзень большасць выбаршчыкаў аддала свае галасы сябру АГП яшчэ на пяці ўчастках, кажа Кавалгін. На тых, дзе былі такія ж прынцыповыя назіральнікі, як Сяргей.
“Але на большасці ўчасткаў не агалошваўся асобна вынік па асноўным галасаванні і датэрміновым. А яшчэ з трох участкаў нашых назіральнікаў увогуле выгналі ― перад пачаткам падліку галасоў ці падчас яго”, ― кажа Кавалгін.
А з улікам таго, што, паводле афіцыйных звестак, датэрмінова прагаласавалі каля 40% выбаршчыкаў Купрыянаўскай акругі, вынік чаканы ― прадстаўнік АГП прайграў.
Па словах назіральніка Сяргея, яго патрабаванне пералічыць бюлетэні магло скончыцца для яго зусім інакш.
Сяргей: “Маглі б вывесці мяне з участку, сказаўшы, што я перашкаджаю працэдуры падліку галасоў і ўсё ― гэта ў іх проста робіцца. Нам пашанцавала: на ўчастку быў журналіст незалежнага СМІ. Думаю, менавіта гэта адыграла важную ролю ва ўсёй гэтай сітуацыі”.
Але ўзнікае пытанне: ці парушылі сябры выбарчай камісіі выбарчае заканадаўства сваёй “памылкай” падчас першага падліку галасоў і ці мусяць іх за гэта пакараць?
У Маскоўскай раённай выбарчай камісіі сітуацыю каментаваць адмаўляюцца. Кажуць: будзе скарга ― будзем разбірацца.
Па словах Дзмітрыя Кавалгіна, ён ужо рыхтуе заяву з патрабаваннем аб непрызнанні вынікаў выбараў. Але ці будзе пісаць скаргу канкрэтна на сяброў участковай выбарчай камісіі №7, яшчэ не вырашыў.
Дзмітрый Кавалгін: “Я разумею, што на гэтых людзей аказваюць вельмі моцны ціск, але грамадства павінна ведаць, хто ў яго ўжо шмат гадоў крадзе будучыню. І таму я не лічу неабходным прабачаць гэтых сяброў камісіі”.
На думку каардынатара кампаніі назірання “Права выбару” Льва Марголіна, у “памылцы” выбарчай камісіі відавочнае парушэнне выбарчага заканадаўства. Іншая справа, ці можна патрабаваць за гэта пакарання?
Леў Марголін: “Фармальна, натуральна, можна падаць скаргу. Але які будзе вынік, зразумела, ― ніякага”.
І прыгадвае сітуацыю з яшчэ адным кандыдатам ў дэпутаты Мінгарсавета Юрасём Губарэвічам. Той таксама атрымаў большасць галасоў у выніку сумленнага падліку на тым выбарчым участку, дзе прысутнічала пасол Вялікабрытаніі. Як жа навучыць сяброў камісій правільна лічыць галасы і не стамляцца?
“Выйсце ― прывезці сюды тысяч шэсць дыпламатаў і закрыць усе выбарчыя ўчасткі дыпламатамі. Хаця, і ў такім выпадку нешта будзе прыдумана, бо на мінулых выбарах шведскага амбасадара папрасілі пакінуць участак і не перашкаджаць падліку галасоў. Нашых гэтым не напужаеш”, ― сумна ўсміхаецца Леў Марголін.
Гэтак жа пры патрэбе з участкаў выдаляюць і журналістаў, калі яны пачынаюць “перашкаджаць працы камісіі”. Яшчэ і міліцыю прыцягнуць на дапамогу могуць.
Фота: www.svaboda.org