Парушэнні на выбарах: ці будуць распачатыя крымінальныя справы?

Парушэнні на выбарах: ці будуць распачатыя крымінальныя справы?

Больш за 70 скаргаў накіравалі толькі назіральнікі кампаніі назірання “Права выбару” ў выбарчыя камісіі розных узроўняў. Гэтак жа актыўна скардзіліся з нагоды заўважаных фактаў парушэння выбарчага заканадаўства і назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за справядлівыя выбары”. Скардзіліся на несупадзенне ў іх і ў камісій лічбы выбаршчыкаў, якія прыйшлі галасаваць, на выдаленне з участкаў і гэтак далей.

Больш за 20 кандыдатаў у дэпутаты напісалі заявы з патрабаваннем аб непрызнанні вынікаў галасавання. Але ці была хоць адна скарга ў праваахоўныя органы, каб правялі праверку па тым ці іншым факце, распачалі крымінальную справу?

Першым, яшчэ 18 лютага, заяву ў Цэнтральным РАУС Мінска пакінуў кандыдат у дэпутаты Мінгарсавета ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Ён патрабуе правесці праверку па факце галасавання на яго акрузе “чужых” выбаршчыкаў, якіх ён асабіста заўважыў і выклікаў міліцыю.

Мікалай Казлоў: “Пасля таго, як я выклікаў міліцыю, і затрыманых мной людзей павезлі ў РАУС, я адразу паехаў следам, і ў той жа дзень напісаў заяву, адразу ж у мяне ўзялі тлумачэнні”.

Але на гэтым усё і скончылася, хоць дзейнічаць праваахоўнікі мусілі зусім па-іншаму, сцвярджае былы следчы Мікалай Казлоў.

Мікалай Казлоў: “Ужо можна сказаць, што яны хочуць спыніць справу і нічога па ёй не рабіць і не правяраць. Калі я заявіў пра злачынства, адразу павінна была прыбыць следча-аператыўная група, затрыманых павінны былі апытаць, агледзець месца, узяць тлумачэнні ў назіральнікаў, у члена камісіі, які выдаваў бюлетэні, праглядзець спісы выбаршчыкаў. І галоўнае ― праверыць дакументы падазраваных. Каб высветліць, ці з гэтага яны ўчастка. Але мы да сёння нічога не ведаем ― адказаў на гэтыя пытанні не маем”.

Падрыхтаваў заяву ў Следчы камітэт па горадзе Мінску яшчэ адзін сталічны кандыдат, лідар Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. Абяцае накіраваць яе да канца 21 лютага. Ён патрабуе праверыць факт завышэння яўкі.

Юрась Губарэвіч: “Я пралічыў, і па маёй акрузе яўка завышаная на 2360 чалавек за час датэрміновага галасавання і на 1040 ― у асноўны дзень галасавання. Агулам тут можна казаць пра 3400 лішніх людзей. Я наўпрост абвінавачваю членаў выбарчых камісій у здзяйсненні крымінальнага злачынства і гатовы несці адказнасць па 400 артыкуле Крымінальнага кодэксу “Заведама лжывы данос” калі я памыляюся”.

Падрыхтаваў заяву ў сталічны Следчы камітэт і яшчэ адзін, ледзь не самы папулярны чалавек на гэтых выбарах ― Дзяніс Краўчук. Гэта той хлопец, які здолеў пры дапамозе сакрэтных лічбаў у пашпарце прагаласаваць некалькі разоў на розных участках. І заяву ён падае як прыватная асоба.

Дзяніс Краўчук: “У заяве, якую я склаў пры дапамозе юрыста Валянціна Стэфановіча, мы патрабуем пачаць разбірацца, бо склад злачынства відавочны. Усё ж там нейкая арганізаваная схема. Не можа быць, што нехта нешта наблытаў альбо забыўся. Такое магчыма адзін раз, максімум ― два, але не тры разы. А значыцца, ўсё было арганізавана, і няхай разбіраюцца”.

Але ў судовую перспектыву сам Дзяніс не верыць. Такога ж меркавання наконт лёсу сваёй заявы прытрымліваюцца і іншыя заяўнікі. Юрась Губарэвіч упэўнены: не распачнуць справу ні ў дачыненні сяброў камісіі, якіх ён абвінавачвае ў фальсіфікацыях, ні супраць яго за “лжывы данос”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі